Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Заўтра пачнецца 5-ы зьезд грамадзкага аб’яднаньня Саюз палякаў у Беларусі, галоўная сядзіба, якога знаходзіцца ў Горадні. Зьезд павінен будзе абраць новага старшыню.

Заўтра 30-тысячны Саюз палякаў Беларусі будзе абіраць новага старшыню. Нагадаю, што ўлетку былы старшыня Саюза Тадэвуш Гавін раптоўна падаў у адстаўку. Выконваць абавязкі старшыні стаў ягоны намесьнік Тадэвуш Малевіч. Аднак празь некаторы час Галоўная рада адхіліла яго і часова прызначыла кіраваць Саюзам палякаў Юзафа Парэцкага, які дагэтуль ня можа патрапіць у Польшчу, бо ў ягоным пашпарце польскаю памежнаю службаю быў пастаўлены штамп, якім ягонаму ўладальніку забараняецца ўезд у гэтую краіну.

Гэтая крызісная сытуацыя адбілася і на атмасфэры ў саюзе. Апошнія некалькі месяцаў арганізацыя амаль не разьвіваецца, да яе перасталі прыязджаць прадстаўнікі польскіх ды міжнародных арганізацыяў, стаў менш актыўным удзел у працэсе дэмакратызацыі на Беларусі.

Каб падрабязьней даведацца, якая сытуацыя пануе ў Саюзе палякаў напярэдадні зьезду, я зьвярнуўся да свайго калегі, журналіста і галоўнага рэдактара газэты GLOS ZNAD NIEMNA Андрэя Кусельчука. Ён паведаміў мне, што на сёньняшні дзень няма ніводнага афіцыйна вылучанага кандыдата на старшыню.

(Кусельчук : ) “На сёньняшні дзень афіцыйна няма кандыдытураў. Яны напэўна паявяцца толькі на самым зьезьдзе. Мне здаецца, што кандыдытуру выставіць намесьнік старшыні Саюза палякаў Тадэвуш Малевіч. На апошнім паседжаньні галоўнага ўпраўленьня выканаўца абавязкаў старшыні Саюза палякаў Юзаф Парэцкі сказаў, што ён ня будзе кандыдываць. Ня ведаю, як складзецца сытуацыя з былым старшынём Саюзу палякаў Тадэвушам Гавіным. Ён цяпер піша кніжку, крыху заняты, таму ня ведаю ці будзе ён кандыдываць на гэтым зьезьдзе. Акрамя таго, напэўна, зьявяцца яшчэ іншыя кандыдытуры.”

Сытуацыя з Тадэвушам Гавіным, які быў старшынём ад самага пачатку заснаваньня арганізацыі, наагул выглядае цікавай. Паводле статуту Саюза палякаў, займаць пасаду старшыні можна запар толькі дзьве кадэнцыі. Пасьля мусіць наступіць перапынак. З моманту нечаканага зыходу Гавіна ў адстаўку прайшло ўжо паўгоду, таму ён мае поўнае права балятавацца на старшыню. Аднак Андрэй Кусельчук лічыць, што на рашэньне Тадэвуша Гавіна можа паўплываць толькі нейкая надзвычайная сытуацыя.

(Кусельчук : ) “Мне здаецца, што толькі пры вялікім крызісе, які можа існаваць і пад час зьезду і перад зьездам, былы старшыня Тадэвуш Гавін вырашаць ці стартаваць яму ў выбарах.”

На зьезьдзе плянуецца прыняць два звароты, аўтарам якіх зьяўляецца Галоўнае праўленьне Саюза палякаў. Адзін са зваротаў будзе ськіраваны да Аляксандра Лукашэнкі і зьвязаны ён будзе з праблемай польскамоўнай адукацыі ў Беларусі. У другім кіраўніцтва Саюза зьвяртаецца да ўсіх палякаў, што жывуць на Беларусі, злучыцца ў адну арганізацыю.

Андрэй Кусельчук ўпэўнены, што незалежна ад таго, хто будзе абраны старшынём Саюза Палякаў, гэтая арганізацыя будзе працягваць падтрымоўваць усе дэмакратычныя пачынаньні ў Беларусі і пазыцыя саюза ў дачыненьні да існуючай улады ня зьменіцца.

(Кусельчук: ) “Мна здаецца, што гэтая пазыцыя ня зьменіцца.Таму што і былы старшыня Тадэвуш Гавін, і я, і іншыя нашыя сябры, будуць зноў абраныя ў Галоўную раду арганізацыі. І мы будзем настойваць, каб гэтая пазыцыя была такая самая, а можа і нават мацнейшая.”

Павал Мажэйка, Прага

XS
SM
MD
LG