Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Амаль тры гады ў Беларусі дзейнічае сакрэтны прэзыдэнцкі ўказ, якім вызначана, хто ды як мусіць паведамляць пра Аляксандра Лукашэнку ў СМІ. Але журналістам гэты ўказ дагэтуль не паказвалі.

Пасьля некалькіх месяцаў няўдалых спробаў даведацца, чаму мяне не пускаюць на “мерапрыемствы” з удзелам Аляксандра Лукашэнкі — нягледзячы на сталую акрэдытацыю ў Міністэрстве замежных справаў Беларусі як замежнага карэспандэнта, — я нарэшце атрымаў ад кіраўніка прэзыдэнцкае прэсавае службы Зьмітра Жука вельмі цікавы дакумэнт…

Гэта копія часткі ўказу Аляксандра Лукашэнкі №19 ад 12 студзеня 1998 году. Адразу трэба зазначыць, што ўказу з гэтым нумарам няма нават у базе беларускага заканадаўства Прэзыдэнцкае бібліятэкі Беларусі, што месьціцца ў Доме ўраду. Выглядае, што 19-ты ўказ, сапраўды, сакрэтны.

Дасланая спадаром Жуком вытрымка з гэтага тямнічага дакумэнту ўтрымлівае толькі ягоную чацьвертую главу — “Асьвятленьне ў сродках масавай інфармацыі мерапрыемстваў, якія праводзяцца з удзелам Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь”.

Пункт 4.1 указу рэглямэнтуе, што выступы Лукашэнкі, цытую, “цалкам друкуюцца ў газэце “Советская Белоруссия” ды ў іншых рэспубліканскіх газэтах. Галоўныя рэдактары газэтаў нясуць пэрсанальную адказнасьць за аўтэнтычнасьць гэтых выступаў”. Пункт 4.3 сьцьвярджае: “Прэс-служба Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь перадае выступы Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, а таксама іншыя афіцыйныя матэрыялы замежным інфармацыйным агэнцыям”.

Нагадаю, што гэты ўказ датаваны студзенем 1998 году. А 5 траўня гэтага ж году на прэсавай канфэрэнцыі ў межах фэстывалю журналістаў краінаў СНД з нагоды савецкага дня друку я спытаў Аляксандра Лукашэнку, чаму замежным журналістам у Беларусі не падаюць матэрыялы пра ягоную дзейнасьць?

Вось што адказаў спадар Лукашэнка:

(Лукашэнка: ) “Калі сапраўды не хапае інфармацыі – я гатовы… Можа быць і мая віна ў тым, што дагэтуль сыстэмы зносінаў прэзыдэнта з журналістамі няма. Ведаеце, чаму няма? Вінаваты ня толькі Пашкевіч, вінаватыя і журналісты – асабліва Якубовіч”.

Заявіў Аляксандар Лукашэнка ў траўні 1998 году, хаця за чатыры месяцы да гэтага ён падпісаў сакрэтны ўказ, што вызначае сыстэму ягоных зносінаў з журналістамі — як з галоўным рэдактарам “Советской Белоруссии” ў пункце 4.1, гэтак і з замежнымі карэспандэнтамі.

Сёньня я папрасіў пракамэнтаваць сакрэтны ўказ Лукашэнкі былога намесьніка кіраўніка ягонай адміністрацыі ў справах ідэалёгіі Івана Пашкевіча…

(Кар.: ) “Указ №19 ад 12 студзеня 1998 году – вы што-небудзь пра яго ведаеце?”

(Пашкевіч: ) “На жаль, не. 98-ы год, студзень? А я калі прыйшоў у адміністрацыю? Я там працаваў амаль тры гады – гэта ўжо, мабыць, пры мне…”

(Кар.: ) “Ці ўсе дакумэнты, што вызначаюць парадак акрэдытацыі і абмяжоўваюць ці неяк датычаць правоў журналістаў, павінны быць надрукаваныя?”

(Пашкевіч: ) “Канешне, абавязкова…”

Лічыць Іван Пашкевіч, які ёсьць дэпутатам абодвух скліканьняў гэтак званае “Палаты прадстаўнікоў”.

А вось як ацэньвае сакрэтны ўказ Лукашэнкі віцэ-прэзыдэнт Беларускай Асацыяцыі журналістаў, юрыст Андрэй Бастунец:

(Бастунец: ) “Тое, што нейкі там нарматыўны акт можа быць не надрукаваны – гэта магчыма, але толькі ў тым разе, калі гэты акт не датычыць правоў і абавязкаў, у нашым выпадку, фізычных асобаў. А гэты ўказ, як мне здаецца, якраз і датычыць правоў журналістаў.

Мяне тут больш зацікавіў пункт 4.5, у якім запісана, што неабходны пэрсанальны склад журналістаў і фотакораў для асьвятленьня ў СМІ мерапрыемстваў з удзелам прэзыдэнта РБ вызначае прэс-служба прэыздэнта і служба бясьпекі. Вось у гэтым мне бачыцца парушэньне правоў журналістаў і таксама гэтае парушэньне ўжо такое закаранелае”.

Сказаў Андрэй Бастунец, экспэрт Цэнтру праўнай абароны Беларускай Асацыяцыі журналістаў.

Юры Сьвірко, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG