Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У некаторых вясковых школах дагэтуль няма ацяпленьня. З гэтае нагоды каля сарака школьнікаў старэйшых клясаў Радашкавіцкае СШ ужо трэці дзень не выходзяць на заняткі. Калі сытуацыя ў блізкім часе ня зьменіцца, да ўдзельнікаў страйку могуць далучыцца і іншыя вучні школы.

У Радашкавіцкай сярэдняй школе з гэтага панядзелку ля сарака вучняў старэйшых клясаў не выходзяць на заняткі. Школа займае два будынкі, адзін зь іх ацяпляецца ўласнай кацельняю, а другі (раней гэта быў саўгасны дзіцячы садок) — кацельняй саўгасу “Заслаўскі”. А яна дагэтуль не працуе. Няма цяпла і ў большасьці будынкаў вёсцы Пятрышкі, у якой жывуць сем’і вучняў. Дырэктар школы Галіна Кіцінская вінаваціць у гэтым кіраўніцтва саўгасу.

(Кіцінская: ) “Дырэктар саўгасу не падпарадкоўваецца ані раённаму выканкаму, ані старшыні сельскага Савету. Учора тут быў намесьнік старшыні сельсавету Чэрнік. У яго нават не атрымалася паразмаўляць з дырэктарам саўгасу Ўладзімерам Важыкоўскім. Таму што той — блатны, і няма на яго ўправы. Але ад яго залежыць стан аднаго з будынкаў нашае школы.

А газавая кацельня дагэтуль не працуе. У вёсцы Пятрышкі шэсьць дамоў не ацяпляюцца ўвогуле, палова будынкаў адключаная ад цяпла. У людзей у хатах сырыя сьцены”, — зазначыла дырэктарка школы Галіна Кіцінская.

Пра сытуацыю вакол вясковае школы нашаму радыё таксама паведаміла намесьніца старшыні Беларускае Сацыял-Дэмакратычнае партыі (“Народная Грамада”) Ніна Стужынская, якая жыве ў Пятрышках, ейны сын таксама вучыцца ў Радашкавіцкай сярэдняй школе…

(Стужынская: ) “Умовы навучаньня дзяцей самыя жудасныя. Мы колькі змагаліся за новую школу – дагэтуль ня мелі посьпеху, а зараз ужо нават і не змагаемся. Бо дзяцей паменела: хто перавёў дзіця ў Заслаўе, хто ў Менску займаецца. У суседнім саўгасе ніколі школа не тапілася, так што ў вёсках тое, што школа ня топіцца – гэта ледзь не звычайная сытуацыя”.

А паводле кіраўніка Радашкавіцкае суполкі “Маладога Фронту” Андруся Бандаровіча, у блізкім часе ўсе вучні школы могуць далучыцца да ўдзельнікаў страйку:

(Бандаровіч: ) “Школьнікі проста самі бачаць, што халодна ў школе, таму яны ня ходзяць на заняткі. Яны ўсё ж чакаюць, што нешта зьменіцца. Калі пасьля гэтага інцыдэнту ня будзе ніякай рэакцыі, то хутчэй за ўсё ўся школа падтрымае гэтых навучэнцаў і ня выйдзе вучыцца да таго, пакуль ня ўключаць ацяпленьне. Гэта проста жаданьне школьнікаў вучыцца ў нармальных умовах – у такіх, якія гарантуюцца існуючым заканадаўствам. Думаю, што мы скаардынуем гэтыя дзеяньні, і адбудзецца такая акцыя – нават, магчыма, і пікет каля школы”.

Ганна Соусь, Менск

XS
SM
MD
LG