Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Па амністыі выйшаў на волю былы дэпутат Менскага гарсавету Леанід Ваўковіч, які разам з Андрэем Клімавым быў асуджаны за крадзеж дзяржаўнае маёмасьці. Клімаў застаўся адзіным, хто дагэтуль адбывае пакараньне па гэтай справе. Сваякі Клімава, аднак, лічаць мінімальнымі ягоныя шанцы на датэрміновае вызваленьне.

Днямі пасьля больш чым трохгадавога зьняволеньня амніставаны былы дэпутат Менскага гарадзкога Савету, намесьнік кіраўніка будаўнічае фірмы “Андрэй Клімаў і Ко” Леанід Ваўковіч. Яму скасавалі адзін год з чатырох, дадзеных Ленінскім раённым судом Менску за крадзеж дзяржаўнае маёмасьці.

Нагадаю, суд палічыў, што Ваўковіч, як і Клімаў, займаўся прыпіскамі на будаўніцтве элітнага дому, каб прысабечваць дзяржаўныя сродкі. Абодва віну сваю не прызналі і да апошняе магчымасьці дамагаліся апраўданьня. Аднак безвынікова. Ваўковічу не дапамагло й заступніцтва былых калегаў зь менскага гарадзкога Савету.

Згадвае жонка Леаніда Ваўковіча Эраіда: “Па-перашае, дзецям харчаваньне аднавілі дзякуючы яму. Таксама шмат інвалідаў адпраўлялі за мяжу на лячэньне — ён выпрошваў у гарадзкім выканкаме сродкі на гэтыя паездкі. Але потым, калі спатрэбілася засадзіць Клімава і майго мужа разам з ім арыштавалі, пра ўсё гэта забыліся. Больш за трыццаць гарадзкіх дэпутатаў падпісалі ліст у суд, у якім пералічылі на некалькіх старонках ягоныя заслугі, але ўсё гэта не залічылася”, — сказала нашаму радыё жонка Леаніда Ваўковіча.

Жонка Клімава Тацяна Леановіч кажа, што таксама спадзяецца на амністыю, але, калі шчыра, лічыць шанцы мінімальнымі. “Інакш яго б ўжо выпусцілі, як і Ваўковіча”, — заўважае Тацяна Леановіч і распавядае, як атрымалася, што Андрэй стаў “лідэрам арганізаванай групоўкі”:

(Леановіч: ) “З таго, што справа патрапіла ў Камітэт у справе змаганьня з арганізаванай злачыннасьцю, і яны ў сваім стылі зрабілі так, быццам гэта, сапраўды, была нейкая групоўка. Сьведкі хутка сталі абвінавачванымі, у тым ліку й Ваўковіч. Усяго набралі 9 чалавек. Потым амаль усіх апраўдалі ці амніставалі, асудзілі да зьняволеньня толькі майго мужа й Ваўковіча.

Зь тым увогуле атрымалася дзіўная рэч… Калі прысуд пераглядаўся гарадзкім судом, была абвешчаная амністыя, і Ваўковіча (ён паводле веку пад яе падпадаў) гарадзкія судзьдзі мусілі былі адпусьціць. Але ўлады баяліся, што міжнародныя назіральнікі пераканаюцца, што засудзілі аднаго Клімава, і таму Ваўковіча ня выпусьцілі. Судзьдзя патлумачыў сваю памылку адвакатам Ваўковіча тым, што забыў пра амністыю”, — распавяла Тацяна Леановіч.

Калі ж выйдзе на волю Андрэй Клімаў? Паводле прысуду, яму сядзець яшчэ больш за два гады. Між тым, улады запэўніваюць, што Клімава амністуюць, і ён выйдзе на волю ўжо сёлета. Тацяна Леановіч гэтым абяцаньням ня верыць:

“Нашыя ўлады зьбіраюцца падмануць усясьветную супольнасьць, яны падаюць справу так, быццам ня трэба турбавацца, Клімаў хутка выйдзе на волю. Між тым, яму нават ні дня не скасавалі па амністыі, хаця такая магчымасьць была”, — заўважае жонка Андрэя Клімава Тацяна.

Алег Грузьдзіловіч, Менск

XS
SM
MD
LG