Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Якія наступствы будзе мець для Беларусі падпісанае ўчора пагадненьне пра пераход у 2005 г. на расейскі рубель. Былы старшыня Нацбанку Багданкевіч лічыць, што беларускай уладзе давядзецца разьлічвацца за фінансавыя датацыі Масквы палітычным сувэрэнітэтам.

Здаецца, чарговыя сустрэчы кіраўнікоў Беларусі й Расеі ды падпісаньне імі новых дакумэнтаў у сфэры інтэграцыі даўно не выклікаюць істотнае рэакцыі ў беларускім грамадзтве. Між тым, узгоднены ўчора прэм’ер-міністрамі Беларусі й Расеі тэкст дамовы пра ўвядзеньне адзінае валюты відавочна супярэчыць беларускай Канстытуцыі.

Гаворыць былы кіраўнік Нацыянальнага Банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч:

“Парушэньне Канстытуцыі відавочнае. Ёсьць артыкул у дзейнай і “лукашэнкавай” Канстытуцыі, дзе сказана, што пытаньні грашовага абароту, разьлікаў і тым больш эмісіі афіцыйнай грашовай адзінкі — гэта манапольны абавязак Нацыянальнага Банку Рэспублікі Беларусь.

Іншы момант — у Беларусі эканамічны крызыс, і, мусіць, улада ня бачыць для сабе іншага выйсьця, акрамя як перадаць свае сувэрэнныя правы чужой суседняй дзяржаве, каб яна навяла ў нас парадак у эканоміцы ды грашовым абароце. Гэта прыніжае кожнага беларуса…”, — лічыць Станіслаў Багданкевіч.

Гэта, аднак, не прыніжае і не бянтэжыць кіраўніцтва Беларусі, якое ня толькі пагадзілася выканаць шмат якія фінансава-эканамічныя ўмовы сваіх расейскіх партнэраў, але й пайшло на істотныя саступкі ад сваёй ранейшае пазыцыі. Раней беларускія ўлады заяўлялі толькі пра “два раўнапраўныя эмісійныя цэнтры”, цяпер Аляксандар Лукашэнка ўжо згодны на тое, каб грошы друкаваў толькі Цэнтральны банк Расеі. …Засталася толькі просьба пра ўзгадненьне зь беларускім бокам аб’ёму эмісіі.

Чаму беларускае кіраўніцтва йдзе на саступкі, няўжо так патрэбныя грошы менавіта напярэдадні перадвыбарчае прэзыдэнцкае кампаніі?

Станіслаў Багданкевіч лічыць, што сто мільёнаў даляраў — нязначная лічба ў параўнаньні з тым, што дэфіцыт гандлёвага балянсу перавысіў адзін мільярд даляраў…

(Багданкевіч: ) “Зразумела, калі Расея ня будзе патрабаваць вяртаньня гэтых запазычанасьцяў, і дасьць гэтыя сто мільёнаў, гэта на пэўны тэрмін да прэзыдэнцкіх выбараў дапаможа Лукашэнку захаваць сваю ўладу”.

(Цыганкоў: ) “Па-вашаму, Беларусь калі-небудзь аддасьць гэтыя грошы?..”

(Багданкевіч: ) “Ня думаю, што Беларусь аддасьць іх. Я мяркую, што ўлада будзе расплочвацца сваім палітычным сувэрэнітэтам за гэтыя падачкі з боку Масквы”.

Як вядома, вырашэньне праблемы эмісійнага цэнтру адкладзена яшчэ на год. З такой тэндэнцыяй за гэты час пры ўмове захаваньня існуючага палітычнага кіраўніцтва Беларусь можа канчаткова адмовіцца ад усялякага кантролю за уласнай фінансавай палітыкаю.

Віталь Цыганкоў, Менск

XS
SM
MD
LG