Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


На сёньняшняй сустрэчы у Маскве прэм’ер-міністры Беларусі і Расеі ўзгаднілі тэкст Дамовы аб увядзеньні адзінае валюты. Калі дамову падпішуць і выканаюць, то ад 2005 году адзіным законным сродкам плацяжу на тэрыторыі Беларусі стане расейскі рубель.

З тэксту дамовы, што узгаднілі сёньня прэм’ер-міністры Міхаіл Касьянаў і Уладзімер Ярмошын, вынікае наступны плян увядзеньня адзінае валюты: ад пачатку 2002 году курс беларускага рубля будзе жорстка прывязаны да расейскай валюты; з 2005-га году расейскі рубель заменіць беларускага зайчыка, і, нарэшце, з 2008 году замест расейскага рубля будзе уведзеная нейкая новая адзіная валюта.

Гэты праэкт цягам бліжэйшага месяца мусяць падпісаць Уладзімер Пуцін і Аляксандар Лукашэнка.

Але каб распрацаваны плян ажыцьцявіўся, патрэбнае выкананьне шматлікіх умоваў, і ў першую чаргу з беларускага боку.

Расейскія экспэрты адзначаюць, што сёньня адносіны Расеі і Беларусі пачынаюць нагадваць адносіны паміж Міжнародным валютным фондам і ягонымі кліентамі. А менавіта: каб дамагчыся ад Расеі нейкіх прэфэрэнцыяў, Беларусь мусіць ажыцьцяўляць эканамічную праграму, што дыктуе расейскі бок. На гэта, прынамсі, зьвяртае увагу ўплывовая ў Расеі фінансавая газэта “Ведомості”.

Першы такі крок Беларусь ужо зрабіла, калі ўвяла адзіны курс беларускага рубля. У выніку Расея згадзілася выдаць Беларусі крэдыт у памеры 100 мільёнаў даляраў на падтрыманьне курсу беларускае валюты. Сёньня Міхаіл Касьянаў заявіў, што першы транш крэдыту – 30 мільёнаў даляраў – Беларусь атрымае ўжо ў гэтым сьнежні. Адметна, што і называецца гэты крэдыт stand-by сугучна з крэдытамі, што выдае Міжнародны валютны фонд.

Але каб увесьці адзіную валюту, Беларусі будзе недастаткова толькі адноснай лібэралізацыі валютнага рынку. Ёсьць і яшчэ шэраг умоваў. Да прыкладу, гадавая інфляцыя ў Беларусі з 2003-га году ня мусіць перавышаць 20%, курс валюты ня мусіць падаць больш чым на 10% у год і гэтак далей.

Акрамя таго, абавязковай умовай увядзеньня адзінае валюты называецца бездэфіцытнасьць расейскага бюджэту. Як вядома, сёньняшні прафіцыт бюджэту ў Расеі магчымы толькі з-за высокіх коштаў на нафту. Такім чынам, нават адчувальнае падзеньне гэтых коштаў на ўсясьветным рынку можа паставіць крыж на валютным саюзе.

Нявырашаным пакуль што застаецца і прынцыповае пытаньне стварэньня адзінага эмісійнага цэнтру. Расейскі бок займае жорсткую пазыцыю, што друкаваць грошы мусіць толькі Цэнтрабанк Расеі. Аляксандар Лукашэнка ўжо згодны на гэта, але хоча, каб Цэнтрабанк абавязкова ўзгадняў з беларускім бокам аб’ём эмісіі. Расея нязгодная і на такі кампраміс. У выніку вырашана адкласьці вырашэньне гэтае праблемы на год. Фактычна, Беларусі даецца час, каб адмовіцца ад усялякіх прэтэнзіяў на кантроль за фінансавай палітыкай у межах валютнага саюзу.

Віктар Дзятліковіч, Масква

XS
SM
MD
LG