Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У Берасьці мерапрыемствы пад агульным назовам “Пераменаў” расьцягнуліся на два дні.

Сёньня прадстаўнікі берасьцейскіх моладзевых арганізацыяў (пераважна гэта былі сябры Маладога Фронту), сабраліся на рагу вуліцаў Карла Маркса і Пушкінскай і правялі несанкцыянаваны пікет. Удзельнікі трымалі бел-чырвона-белы сьцяг і плякаты “Захаранка, Ганчар, Красоўскі і Завадзкі. Хто наступны?”, “Чаму ў нас зьнікаюць людзі?”, “Патрабуем пераменаў”.

Чаму менавіта пад гэтымі лёзунгамі праходзіць сёньняшняя акцыя, тлумачыць лідэр берасьцейскай арганізацыі Маладога Фронту Сяржук Бахун:

(Бахун: ) “Мы патрабуем пераменаў, каб не зьнікалі людзі, каб у нас у Беларусі кожны мог адчуваць сябе спакойна, каб людзі не баяліся сучаснага рэжыму, каб яны не ўцякалі за мяжу”.

Акцыя, удзел у якой прынялі каля 20 чалавек, доўжылася прыблізна 40 хвілінаў. Увесь гэты час да пікетоўшчыкаў падыходзілі людзі, якім маладафронтаўцы тлумачылі, чаму яны сёньня ладзяць гэтую акцыю, і гаварылі пра яе агульнабеларускі характар.

Праз 40 хвілінаў, калі да месца правядзеньня несанкцыянаванага пікету наблізіліся міліцыянты, удзельнікі акцыі вырашылі яе спыніць і разыйшліся.

У сыботу моладзевыя арганізацыі Берасьця вырашылі правесьці ў цэнтры гораду, на вуліцы Савецкай, літаратурныя чытаньні, прысьвечаныя 145-м угодкам з дня сьмерці Адама Міцкевіча. Пасьля чытаньняў удзельнікі акцыі ўсклалі жалобны вянок і кветкі да помніка паэта. Узгадваліся словы Міцкевіча пра тое, што беларуская мова – самая гарманічная і з усіх славянскіх моваў найменш зьмененая.

Алег Супрунюк, Берасьце

XS
SM
MD
LG