Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У Беларусі ўсё больш дзяцей, якія, ледзь навучыўшыся чытаць, вымушаныя кідаць вучобу. Бо невялічкія вясковыя школы паўсюль зачыняюцца, а штодня дабірацца на вучобу за многія кілямэтры малыя ня могуць. Вось якая гісторыя здарылася ў вёсцы Марыпаль Менскага раёну…

Размова зь дзецьмі сям’і калгасьнікаў Скорасавых адбывалася ўдзень, калі бацькі былі на працы.Таму на мае пытаньні адказваў 16-гадовы Андрэй:

— А сам ты, Андрэй, зараз вучышся ў школе?

— Зараз? Не…

— А колькі ты клясаў закончыў?

— Шэсьць.

— А ты спачатку гэтага году не вучыўся?

— Не… Не вучыўся нідзе.

Тое, што Андрэй на два гады адстаў у адукацыі ад сваіх аднагодкаў, ён сам патлумачыў тым, што да Самахвалавіцкай сярэдняй школы, дзе ён раней займаўся, і якая разьмешчана ад вёскі Марыпаль за восем кілямэтраў, няма як штодня дабірацца. Ён кажа, што ў гэткай сытуацыі апынуліся і іншыя марыпальскія дзеці:

— Цяжка было дабірацца. Узімку было ніяк не прайсьці да школы.

Гэта быў Андрэй Скорасаў.

Ягоная дзевяцігадовая сястрычка Каця толькі месяц таму пайшла ў першую клясу Грычанскае школы, а раней не вучылася. У Грычаны марыпальскія дзеці ходзяць невялічкай чародкаю. Два кілямэтры туды й назад лічацца лёгкім шпацырам.

Ня ходзіць у школу й 15-гадовы сябрук Андрэя Саша Мнішка. Ягоная адукацыя пакуль — таксама шэсьць клясаў, але падлетак ужо працуе на фэрме, даглядае жывёлу. Ён абяцае, што разам з Андрэем на прыканцы лістапада пойдзе ў Сененскую вечаровую школу.

Як патлумачыў для радыё Свабода кіраўнік управы адукацыі Менскага абласнога выканкаму Георгі Нікановіч, на самой справе, дзеці маюць рацыю, калі кажуць пра кепскі падвоз вучняў у Самахвалавіцкую школу, якая ёсьць адзінай сярэдняй школаю на тэрыторыі сельскага Савету. На калегіі ўправы дырэктарка школы спадарыня Смаленская атрымала вымову.

Праўда, залежыць усё ня столькі ад школы, колькі ад мясцовае гаспадаркі, якая мае аўтобус. Аднак калегія, зазначыў Георгі Нікановіч, забавязала дырэкцыю Грычанскае школы, якая знаходзіцца за два кілямэтры ад Марыпалю, прыняць на вучобу гэтых дзяцей. А не прымалі раней іх таму, што вёска Грычаны — на тэрыторыі Койданаўскага раёну, а Марыпаль — Менскага. Дзеці гадамі вымушаныя былі пакутаваць толькі праз тое, што чыноўнікі не маглі дамовіцца адзін з другім.

Алесь Мікалайчанка, Менскі раён

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG