Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Пачаліся суды над затрыманымі ўдзельнікамі ўчорашняй акцыі дэмакратычных моладзевых арганізацыяў.

У Першамайскі і Савецкі суды Менску міліцыянты прывезьлі 26 чалавек, а ўсяго ўчора ўвечары было затрымана больш як 100 ўдзельнікаў несанкцыянавага шэсьця моладзі. Бальшыня зь іх — непаўнагадовыя. Напрыклад, у Першамайскім РАУСе ўтрымліваліся 42 чалавекі і толькі траім зь іх больш як васемнаццаць год. Тое ж і ў іншых РАУСах. Супрацоўнікі міліцыі кажуць, што яшчэ ніколі не сутыкаліся з такой сытуацыяй.

У Першамайскім судзе затрыманыя Яроменка, Харкевіч і Шмялёў запатрабавалі адваката, і судзьдзя перанёс разгляд справаў на заўтра. Яшчэ 8 чалавек атрымалі папярэджаньне. У Савецкі суд ураніцу прывезьлі затрыманых з Маскоўскага й Савецкага РАУСаў, але адразу да суду не дайшло. Старшыня суду адмовіўся прыняць адміністрацыйныя справы да разгляду з-за няслушнага афармленьня пратаколаў. Міліцыянты адвезьлі ўсіх у Савецкі РАУС і там перарабілі пратаколы.

Толькі ў другой палове дня распачаліся суды. Асноўная частка гэтак званых “правапарушальнікаў” — студэнты. Вось іхныя прозьвішчы: Віталь Кошалеў, Уладзімер Лыско, Васіль Венярскі, Іван Цітовіч, Уладзімер Самончанка, Андрэй Мазоўка, Надзея Грачуха, Вадзім Ткачэнка, Кірыл Чулкоў, Яраслаў Малішэўскі, Вольга Цімашук і Андрэй Юркавец.

Віталь Кошалеў, студэнт радыётэхнічнага коледжу, запатрабаваў адваката і паехаў у пракуратуру па накіраваньне на зьняцьцё пабоеў. Гаворыць Віталь Кошалеў:

(Кошалеў: ) “З аўтобуса выскачылі амонаўцы і кінуліся наперарэз з дубінкамі над галавой. Закрычэлі, схапілі. Я ім сказаў, што я, маўляў, тут вучуся. Ім як аб сьценку гарохам, вядома. Потым пачалі біць дубінкамі, лупцаваць. Я закрываўся, потым, каб у жывот ня білі, за дрэва схапіўся, яны мяне пачалі ад дрэва аддзіраць. Пры гэтым, канешне, добра пабілі. Потым схапілі за рукі-ногі і сьпіной долу пацягнулі па асфальце, далі ў жывот кулаком і запіхнулі ў аўтобус. Афіцэры якраз вельмі добрыя людзі, бо ім гэта таксама не патрэбна, яны якраз-такі спачувалі і ў прыватных размовах палітычна выказваліся наконт гэтага”.

Ягоная справа будзе разглядацца празь дзень.

Андрэй Юркавец, дваццацігадовы студэнт Агратэхнічнага ўнівэрсытэту, паводле судовага прысуду арыштаваны на трое сутак з адбыцьцём пакараньня ў спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна. Кірыл Чулкоў і Яраслаў Малішэўскі атрымалі папярэджаньне. Андрэй Мазоўка, Уладзімер Лыско і Ўладзімер Самончанка пакараныя штрафам памерам 20 мінімальных заробкаў.

Справы астатніх затрыманых будуць разглядацца цягам тыдня, таму што адныя зь іх запатрабавалі адваката, а ў справах другіх спатрэбілася апэратыўная відэастужка.

Любоў Лунёва, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG