Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


(эфір 11 лістапада)
Эканамічны агляд мінулага тыдня прафэсара Ўладзімера Кулажанкі.

Чым бліжэй да завяршэньня гаспадарчага году, тым больш абвастраюцца супярэчнасьці й цяжкасьці на грашова-валютным рынку краіны. Зьніжаецца валютны курс рубля. Па стану на 8 лістапада курс рубля ўстаноўлены Нацыянальным банкам у адпаведнасьці даляру складаў 1074 рублі за 1 даляр. І гэтае зьніжэньне працягваецца. Не спыняецца эмісія грошай. Штомесячны прырост рублёвае грашовае масы складае зараз каля 8%, а гэта амаль у 10 разоў вышэй за статыстычны рост ВУП.

Не павялічваюцца валютныя рэзэрвы Нацыянальнага банку, яны па-ранейшаму знаходзяцца на мінімальным узроўні — 100 млн. даляраў. Нацыянальны банк мае толькі адно дасягненьне — гэта ўвядзеньне адзінага валютнага курсу беларускага рубля.

Але, што гэта можа даць, калі ў краіне замарожаныя аграрныя рэформы, не разьвіваецца прыватны сэктар, адсутнічае рынкавая канкурэнцыя як мэханізм стымуляваньня вытворчасьці, нізкая аплата працы?.. Таму нягледзячы на ўмоўную стабілізацыю валютнага курсу рубля, Нацыянальнаму банку па-ранейшаму не давяраюць міжнародныя фінансавыя ўстановы.

Так, Усясьветны банк вядзе распрацоўвае праграму фінансаваньня энэргаэфэктыўнасьці ў сацыяльнай сфэры краіны. Гэтая праграма будзе каштаваць каля 50 млн. даляраў, але палову гэтае сумы мусіць унесьці сама краіна. Такіх грошай, зразумела, няма. Наадварот — Беларусі патрэбная неадкладная дапамога. А Ўсясьветны банк тым часам назірае, як у нас пойдуць (і ці пойдуць увогуле) рэформы.

Шмат праблемаў узьнікае ў банкаўскай сыстэме, за якую адказвае Нацыянальны банк. На мяжы банкруцтва апынуліся яшчэ два банкі: “Белбалтыя” і “Белкамбанк”.

Дзейнасьцю Нацыянальнага банку незадаволеная адміністрацыя Аляксандра Лукашэнкі. Нацыянальны банк абвінавачваецца ў тым, што ня спыненая інфляцыя, што дрэнна йдуць разьлікі паміж прадпрыемствамі, не выконваецца патрабаваньне Лукашэнкі рэгулярна плаціць заробкі…

Але калі паглядзець на другі бок справы, дык можна ўбачыць, што Нацыянальны банк ня мае аніякае самастойнасьці. Адно выконвае даручэньні ўраду ды Лукашэнкі. Вось і надоечы, ужо ў лістападзе Нацыянальнаму банку было загадана выдаткаваць 10 млн. даляраў крэдыту на набыцьцё паліва калгасамі і саўгасамі дзеля завяршэньня уборачнае працы й ворыва зябліва, што дасюль не завершана. Наўрад ці вінаватыя ў гэтым толькі банкі…

Прыціснуты з усіх бакоў, Нацыянальны банк шукае выйсьця. Ягоны кіраўнік Пётра Пракаповіч пайшоў на прысьпешваньне перамоваў пра ўвод адзінае валюты ў гэтак званай “саюзнай дзяржаве”, бо Масква абяцае выдаткаваць Беларусі фінансавую дапамогу — 200 млн. даляраў на падтрымку плацёжнага балянсу. Як кажуць, “няма хлеба — рады абаранку”.

Але што гэта можа даць, калі беларускія прадпрыемствы вінаватыя сёньня расійскім фірмам 520 млн. даляраў, у тым ліку 230 млн. за газ?

Уладзімер Кулажанка, Менск

XS
SM
MD
LG