Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Маладзёвая акцыя “Пераменаў!”, якая ўчора была жорстка разагнаная ўладамі Менску, стала другой сёлета па колькасьці затрыманых пасьля сумнавядомых падзеяў 25 сакавіка. У нядзелю ў Менску затрымалі, паводле афіцыйных дадзеных, 112 чалавек.

Уранку 13 лістапада ў Праваабарончага цэнтру “Вясна” былі зьвесткі пра 109 затрыманых у Менску. Іх разьвезлі ў чатыры РАУСы сталіцы: 25 у Маскоўскі, 54 — у Савецкі, 21 — у Першамайскі, 9 — у Партызанскі РАУС. Непаўнагадовых адпусьцілі яшчэ ўночы, іх было ня менш як палова агульнае колькасьці. Ёсьць зьвесткі пра некалькіх моцна зьбітых.

Гаворыць кіраўнік Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі:

(Бяляцкі: ) “Затрымлівалі абсалютна малых дзяцей, па 13-14 год. Напрыклад у Першамайскім РАУСе знаходзіўся 21 чалавек, зь іх 16 непаўнагадовых. Фактычна, учора ў нас ішла вайна з дзецьмі”.

Алесь Бяляцкі адзначыў новую акалічнасьць пры разгоне апазыцыйных акцыяў, што праявілася ўчора — выкарыстанне сырэнаў, як псыхалягічнага сродку застрашэньня. Начальнік Галоўнае ўправы міліцыі грамадзкае бясьпекі МУС Сяргей Кузін паведаміў радыё Свабода, што ўчорашняй акцыяй з выкарыстаньнем сырэнаў займалася Ўправа ўнутраных справаў гораду Менску.

Гаворыць палкоўнік Кузін:

(Кузін: ) “Прынамсі, ня тыя падзеі ўчора былі, аб якіх варта там… Такая дробная, лякальная падзея, калі гаварыць ужо шчыра”.

Адзначыў начальнік Управы міліцыі грамадзкае бясьпекі МУС Сяргей Кузін.

Супрацоўніца прэсавага цэнтру Ўправы ўнутраных справаў Менскага гарадзкога выканкаму Натальля Лапо паведаміла радыё Свабода:

(Лапо: ) “Было прынятае рашэньне аб тым, што каля Цэнтральнага ўнівэрсама гэтую несанкцыянаваную акцыю спыніць, а найбольш актыўных яе ўдзельнікаў затрымаць, што і было зроблена. У выніку супрацоўнікі ворганаў унутраных справаў затрымалі 112 чалавек”.

У прэсавым цэнтры Ўправы ўнутраных справаў Менску таксама паведамілі, што 58 затрыманых, у тым ліку 29 непаўнагадовых, былі яшчэ ўночы адпушчаныя, на 51 чалавека склалі пратаколы, якія перададзеныя ў суды. Прычынаю затрыманьня названа тое, што акцыя была несанкцыянаваная, што моладзь была ўзбуджаная ды заняла праезную частку праспэкту.

Правабаронца Алесь Бяляцкі лічыць, што мірныя акцыі пачатку кастрычніка трэба лічыць выключэньнем з правілаў, цяпер “лібэральны” падыход уладаў скончаны, яны перайшлі да ранейшае тактыкі.

(Бяляцкі: ) “Гэта знак таго, што проста так дазволы на правядзеньне акцыяў давацца ня будуць. Яны патрабуюць сапраўды грунтоўнай падрыхтоўкі і моцнага ціску з боку ўсіх апазацыйных дэмакратычных сілаў”.

Лічыць Алесь Бяляцкі.

Іншы апазыцыйны палітык, дэпутат Павал Знавец, які быў учора сьведкам падзеяў, адзначыў таксама, што перад прэзыдэнцкімі выбарамі ня трэба чакаць паслабленьняў ад уладаў:

(Знавец: ) “Рэжым напалоханы Югаславіяй, асабліва Лукашэнка, і не дапусьціць раскручваньня сытуацыі. Калі сытуацыя выйдзе з-пад кантролю, сапраўды, можа ня некалькі сотняў выйсьці, а ўжо дзясяткі, а можа, нават, і сотні тысяч. Асабліва, калі будзе нагода. Нагодай можа быць фальсыфікацыя выбараў. Ён будзе скарыстоўваць тактыку запалохваньня на працягу ўсяго наступнага году”.

Паведаміў Павал Знавец. Дэпутат “Палаты прадстаўнікоў” Іван Пашкевіч акцыі моладзі ня бачыў, але лічыць яе ды іншыя безсэнсоўнымі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў:

(Пашкевіч: ) “Вось гэтыя паходы, гэтыя акцыі ня зробяць ніякай карысьці прэзыдэнцкім выбарам. І ня важна, за каго вы будзеце агітаваць – за Лукашэнку ці супраць. Гэта і блізка не Югаславія”.

Адзначыў Іван Пашкевіч.

Такім чынам, акцыя 12 лістапада стала другой паводле колькасьці затрыманых сёлета.

Валер Каліноўскі, Менск

XS
SM
MD
LG