Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У Магілеве і Бабруйску сёньняшнія акцыі моладзі прайшлі без мітынгаў і шэсьцяў. Мясцовая моладзь выбрала іншыя сродкі пратэсту.

Лідэры мясцовых моладзевых арганізацыяў палічылі, што акцыя пад назовам “Наш горад” з канкрэтнымі вынікамі дасьць у сёньняшніх умовах больш карысьці, чым акацыя пратэсту.

У Магілеве моладзевая акцыя “Пераменаў” пачалася ў сыботу раніцай. 12 сябраў Маладога Фронту некалькі гадзінаў адпрацавалі на знакамітым магілеўскім “даўгабудзе” – рэстаўрацыі абласнога драматычнага тэатру. Маладафронтаўцы вырашылі, што яны будуць працаваць на рэстаўрацыі кожную сыботу і заклікалі іншыя моладзевыя арганізацыі да іх далучыцца.

Сёньня ж у межах акцыі “Пераменаў” дэмакратычная моалдзь правяла, так бы мовіць, паход “Наш горад”. Маладыя людзі наведвалі розныя крамы і з дазволу адміністрацыі мянялі розныя шыльды ды надпісы на беларускамоўныя. На жаль, паводле словаў кіраўніка абласной арганізацыі Маладога Фронту Андруся Кавалёва, удалося зьмяніць толькі адзінкі, бо ў большасьці крамаў, аптэкаў і бараў адсутнічала начальства, а прадаўцы ня бралі на сябе адказнасьць. Гэтая акцыя будзе мець працяг у іншы, працоўны, дзень.

Сёньня ж дэмакратычная моладзь правяла гульню “Што, дзе, калі?” на беларускай мове, а ўвечары заплянаваная дыскатэка. Моладзь хоча танчыць пад музыку беларускіх рок-гуртоў.

У Бабруйску акцыя “Пераменаў” праходзіла таксама два дні. Мэта была адна – упрыгожыць родны горад.

У ноч з пятніцы на сыботу, пакуль мясцовыя міліцыянты сьвяткавалі дзень расейскай міліцыі, у 5-м і 6-м мікрараёнах зьявіліся намаляваныя фарбай лёзунгі “Мы патрабуем пераменаў” і “Жыве Беларусь”. У наступную ноч падобныя надпісы зьявіліся і ў цэнтры Бабруйску.

Паколькі жыльлёва-камунальныя службы ў выходныя не працуюць, а ў панядзелак толькі пачнуць шукаць фарбу, то ўдзельнікі акцыі “Пераменаў” разьлічваюць, што “ўпрыгожваньні” ў Бабруйску пратрымаюцца дзён пяць.

Дарэчы, праблемы з фарбай будуць і ў жальлёва-камунальнай службы Магілеву. Справа ў тым, што невядомыя асобы заплямілі фарбай мэмарыяльныя дошкі ў цэнтры гораду, што датычацца памятных датаў і дзеячоў савецкай улады.

Марыя Ўсьціновіч, Магілеўская вобласьць

XS
SM
MD
LG