Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Каля 70 чалавек затрыманыя ў Менску ў часе несанкцыянаванага шэсьця моладзі. Многія былі жорстка зьбітыя амонаўцамі. Сярод іх шмат няпоўнагадовых.

Як толькі калёна дэманстрантаў распачала рух па праспэкце Скарыны ад Акадэміі Навук у бок плошчы Якуба Коласа, сотні міліцыянтаў накіраваліся на перахоп. Спачатку праспэкт перакрылі два ланцугі ўзброеных амонаўцаў. Яны хавалі свае твары за шчытамі. За імі з двара Палітэхнічнай акадэміі павыскоквалі яшчэ некалькі дзясяткаў амонаўцаў. Яны трымалі ў руках сырэны.

Было відаць, як у гэты момант яшчэ тры ланцугі АМОНу перакрылі ўсю плошчу Якуба Коласа. Калёна спыніла рух. Адчыніліся дзьверы аўтобусаў, якія стаялі ўздоўж праспэкту. Адтуль выбеглі спэцназаўцы ў касках і са шчытамі. Яны, размахваючы дубінкамі, кінуліся на дэмантстрантаў.

Першага затрыманага хлопца, на выгляд гадоў пятнаццаці, спачатку кінулі тварам на падлогу аўтобуса і жорстка зьбілі дубінкамі і нагамі. Потым міліцыянты кінулі юнака на сядзеньне, але сядзець ён ужо ня мог. Хлопец страціў прытомнасьць. Яго зноў кінулі на падлогу ў праходзе. У аўтобус кідалі астатніх затрыманых. Іх таксама зьбівалі і нікому зь іх не дазволілі дапамагчы тому хлопцу.

Такіх аўтобусаў было каля дваццаці. У кожным – два сабакі без намызьнікаў. Калі зьбівалі затрыманых, сабакі гучна брахалі.

Па міліцэйскай рацыі прагучаў загад хапаць дэманстрантаў у дварох. Праз хвіліну адтуль пачалі выводзіць юнакоў. Частку зь іх кідалі ў міліцэйскія варанкі. Усё гэта адбывалася на вачах студэнтаў Палітэхнічнай акадэміі і Радыётэхнічнага ўніверсітэту. З адчыненых вокнаў інтэрнатаў студэнты скандавалі: “Фашысты!”

Разам з дэманстрантамі міліцыянты затрымалі і некалькі мінакоў на другім баку праспэкту. Зараз у міліцэйскіх пастарунках утрымліваюцца каля сямідзесяці чалавек . Зь неафіцыйных крыніцаў стала вядома, што пасьля складаньня пратаколаў, непаўнагадовых адпусьцяць дахаты толькі позна ўначы. Астатніх, хутчэй за ўсё, раніцай з РАУСаў павязуць у суд.

Любоў Лунёва, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG