Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


На думку кіраўніцтва беларускага міністэрства замежных справаў, становішча вакол вынікаў галасаваньня ў ЗША сьведчыць пра тое, што ня ўсё ладна з выбарчай працэдураю ў краіне, якая трымае высокую плянку дэмакратыі.

На сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі ў Міністэрстве замежных справаў я спытаў намесьніка міністра Аляксандра Сычова, як кіраўніцтва МЗС ацэньвае становішча з падвядзеньнем вынікаў галасаваньня на выбарах прэзыдэнта ЗША і ці не пасьпеў афіцыйны Менск датэрмінова даслаць аднаму з двух кандыдатаў віншаваньне зь перамогаю…

“Мы не дасылалі”, — заявіў Аляксандар Сычоў, намесьнік міністра замежных справаў, які да цяперашняе пасады 6 год працаваў у Нью-Ёрку сталым прадстаўніком Беларусі ў ААН. Ён адмовіўся спрагназаваць канчатковыя вынікі выбараў, сказаўшы: “Ня трэба гадаць на кісельнай гушчы”.

Што да перадвыбарчых праграмаў, дык, на думку спадара Сычова, яны збольшага разьлічаныя на ўнутраную аўдыторыю. А вось замежнапалітычныя прыярытэты Вашынгтону будуць, натуральна, залежаць ад таго, хто прыйдзе ў адміністрацыю, — лічыць Аляксандар Сычоў.

“Мы прымем любы выбар амэрыканскага народу”, — зазначыў намесьнік міністра замежных справаў.

Паводле ягоных словаў, калі да ўлады ў Злучаных Штатах прыйдуць дэмакраты, дык ня выключана, што дзяржаўным сакратаром стане Рычард Голбрук, цяперашні прадстаўнік ЗША ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў.

Юры Сьвірко, Менск

XS
SM
MD
LG