Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Удзельнікі Каардынацыйнае рады дэмакратычных сілаў ня здолелі сёньня зацьвердзіць асноўныя кірункі стратэгіі й тактыкі аб’яднанай апазыцыі на пэрыяд прэзыдэнцкіх выбараў. Прычынаю стала непаразуменьне й разыходжаньне ў поглядах паміж лідэрамі БНФ, АГП, БСДГ, прадстаўнікамі рэгіянальных радаў ды грамадзкіх арганізацыяў, з кіраўніком БСДП “Народная Грамада” Міколам Статкевічам.

Спрэчкі паміж прыхільнікамі розных канцэпцыяў аб’яднаньня апазыцыі вакол адзінага кандыдата ў прэзыдэнты разгарэліся амаль адразу пасьля пачатку паседжаньня ўдзельнікаў КРДС. Сябры Рады пасьпелі толькі заслухаць інфармацыю намесьніка кіраўніка КНГ АБСЭ Мішэля Рывалье пра ўдзел Ганса-Георга Віка ў паседжаньні Сталага камітэту АБСЭ ў Вене. Але як справа дайшла да абмеркаваньня тактыкі й стратэгіі апазыцыі перад прэзыдэнцкімі выбарамі, адразу ж пачаліся непаразуменьні.

Бальшыня ўдзельнікаў КРДС была абураная тым, што Мікола Статкевіч ня толькі не прызнаў памылкаю свой удзел у выбарах у гэтак званую “Палату прадстаўнікоў” (што ёсьць парушэньнем рашэньня Каардынацыйнае рады), але й заявіў, што “Народная Грамада” будзе ўдзельнічаць і ў паўторных выбарах.

Спадар Статкевіч лічыць, што ўдзел у выбарах быў карысным досьведам для сацыял-дэмакратаў; ягоныя калегі ў КРДС лічаць, што такімі заявамі й дзеяньнямі лідэр “Народнае Грамады” толькі перашкаджае рэальнаму аб’яднаньню ўсіх апазыцыйных сілаў. Не спрыяла паразуменьню і апублікаваная сёньня ў БДГ заява Статкевіча пра тое, што ўся апазыцыя ад камуністаў да нацыяналістаў мусіць згуртавацца вакол адзінага кандыдата ў прэзыдэнты.

Гаворыць лідэр “Народнае Грамады” Мікола Статкевіч:

(Статкевіч: ) “Апазыцыя павінна (уся апазыцыя) дамовіцца аб вылучэньні адзінага кандыдата супраць Лукашэнкі, бо калі ня будзе адзінага кандыдата, калі будзе кандыдат ад дэмакратычных сілаў, кандыдат ад камуністаў, ад партыі Гайдукевіча, то, як сьведчыць наш вопыт, (бо мы рэальна ўжо ўдзельнічалі ў выбарах у гэтых умовах пры гэтым прэсінгу) будзе зарэгістраваны ад апазыцыі найбольш слабы кандыдат, а моцныя ня будуць зарэгістраваныя”.

Лічыць спадар Статкевіч.

Ягоных поглядаў не падзяляюць лідэры іншых суб’ектаў Каардынацыйнае рады. Гаворыць лідэр АГП Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Калі лідэр партыі піша, што ёсьць разыходжаньні ў стратэгіі, то пры такіх падыходах вельмі складана абмяркоўваць тактычныя пытаньні. Мне падаецца, што гэтая тэза – усе, ад камуністаў да нацыяналістаў – вельмі добра гучыць, але, прабачце, я добра ведаю, што толькі ў Дурава выкарыстоўваюцца зьвяры, якія па сваёй прыродзе ня могуць быць сумяшчальнымі. Як можна выбраць кандыдата, які б улічыў камуністычную ідэалёгію і ідэалёгію нацыяналістаў. Гэта ж абсалютны папулізм, чысты, яго нельга рэалізаваць на практыцы”.

Паведаміў спадар Лябедзька.

У выніку Мікола Статкевіч пакінуў паседжаньне Каардынацыйнае рады, але заявіў, што пакуль выходзіць з гэтага воргану а ні ён, а ні ягоная партыя не зьбіраюцца. Тым часам, лідэры аб’яднанай апазыцыі прынялі рашэньне зьвярнуцца наўпрост да шэраговых сяброў “Народнае Грамады”, каб тыя абмеркавалі ў сваіх арганізацыях паводзіны Міколы Статкевіча, ды вызначыліся, хочуць яны заставацца ў аб’яднанай апазыцыі, ці не.

Сябры рады таксама вырашылі выпрацаваць мэмарандум прынцыпаў, задачаў і мэтаў, які мусіць стаць плятформаю дзейнасьці дэмакратычнай апазыцыі на бліжэйшы час. Кірункі ж стратэгіі ды тактыкі перад будучымі выбарамі Каардынацыйная рада мае намер зацьвердзіць на сваім наступным паседжаньні. Сябры Рады таксама прынялі зварот да міжнароднае супольнасьці з заклікам абраніць недзяржаўную прэсу ад нападак уладаў, ды прадаставіць апазыцыі доступ да дзяржаўных мэдыяў.

Альгерд Невяроўскі, Менск

XS
SM
MD
LG