Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Пад час учорашняе нарады ў Растове-на-Доне прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін заявіў, што паўнавартасная мяжа з краінамі былога Савецкага Саюзу — толькі справа часу. Як будуць складвацца памежныя стасункі зь Беларусьсю, расейскі кіраўнік не ўдакладніў.

Сёньня ўраніцу ў Камітэце памежных войскаў была скліканая адмысловая калегія, дзе адным з пунктаў разглядалася менавіта пытаньне магчымых варыянтаў беларуска-расейскіх памежных стасункаў.

Беларускія сілавікі вымушаныя лічыцца з тым, што стаўленьне адміністрацыі Пуціна да інтэграцыйных ініцыятываў Лукашэнкі куды больш стрыманае, чым пад час кіраўніцтва Ельцына. Аднак паводле вынікаў калегіі ў прэсавай службе Камітэту памежных войскаў паведамілі, што сустрэчных захадаў на абмежаваньне стасункаў з Расеяй ня робіцца: маўляў, статус “саюзнае” дзяржавы ў гэтым сэнсе выключэньне. А заява Пуціна адрасаваная іншым краінам СНД…

Вось камэнтар супрацоўніка прэсавае службы Камітэту Ўладзімера Несьцяровіча:

(Несьцяровіч: ) “Кіраўніцтва Расеі і Беларусі неаднаразова падкрэсьлівала, што мяжа будзе празрыстаю, і фізычна ахоўваць яе ніхто ня будзе. Старшыні памежных камітэтаў надоечы сустракаліся ў Менску й таксама на гэты конт публічна заявілі: прысутнасьць на агульнай мяжы беларускіх ды расейскіх памежнікаў не плянуецца. Ці будуць у пэрспэктыве? Усё залежыць ад палітычнае волі, ад сытуацыі. Але апошнім часам падкрэсьлівалася, што мяжа будзе захоўваць менавіта такі статус”, — паведаміў Уладзімер Несьцяровіч.

Прэсавы сакратар БСДП “Народная Грамада” Лявон Дзейка лічыць, што для Беларусі было б лепш, каб некантралюемая плынь мігрантаў, наконт якой распавядаў Пуцін, спынялася менавіта на расейскім баку.

(Дзейка: ) “Беларускім інтарэсам адпавядала б, каб з пункту гледжаньня хаця б гэтай нелегальнай эмірацыі, гэтая плынь спынялася на нашай усходняй мяжы, каб гэта заставалася клопатам Расеі. Калі прэзыдэнт Пуцін не рабіў ніякіх выняткаў для Беларусі, то з майго пункту гледжаньня, ведаючы, што нашае кіраўніцтва ўвесь час актыўна пэдалюе тэму брацкай інтэграцыі, то мне здаецца, што для нашых ўладаў гэта вельмі небясьпечны сыгнал. Бо ўжо бачна, што расейскі прэзыдэнт у адрозьненьне ад свайго папярэдніка ніколі нічога не гаворыць дарэмна. Ён можа нешта непрадумана эмацыйна сказаць нешта пра сарцір, а ўсё астатняе ён кажа вельмі прадумана”.

Гэта было меркаваньне Лявона Дзейкі.

Гісторыя беларуска-расейскіх адносінаў у пасьлясавецкі пэрыяд складвалася хаатычна. Мытныя ды памежныя пераходы, узьведзеныя напачатку 90-х, у 95-м былі зьліквідаваныя намаганьнямі Аляксандра Лукашэнкі. Празь нейкі час кардынальная розьніца ў эканамічным разьвіцьці прывяла да аднаўленьня мытных пунктаў.

Цяпер расейскія ўлады прыйшлі да высновы, што бясплатны транзыт даражэй за фармальныя мытні й заплюшчваюць вочы на дробныя парушэньні беларускіх гандляроў. Але ў любым выпадку словы расейскага прэзыдэнта гучаць для беларускіх уладаў непрыемным папярэджаньнем.

Ігар Карней, Менск

XS
SM
MD
LG