Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Добрая навіна для тых жыхароў Беларусі, якія часта езьдзяць праз мяжу з Польшчай і ўжо адчулі незручнасьці, што зьявіліся пасьля часовага закрыцьця пераходу “Брузгі-Кузьніца”.

З 00 гадзін 15 лістапада памежны пераход Брузгі-Кузьніца адчыняецца. Інфармацыя пра гэта днямі была распаўсюджаная афіцыйным польскім бокам. Пераход будзе адчынены для ўсіх відаў транспарту без абмежаваньняў.

Нагадаем, што апошнія тры месяцы, гэты памежны пераход быў зачынены ў сувязі з рэканструкцыяй польскага ўчастку памежнага пераходу. Людзі былі вымушаныя перасякаць мяжу на пераходзе “Пагранічны-Баброўнікі”, што займала часу толькі на дарогу ў два разы больш, чым звычайна.

За гэтыя тры месяцы польскія будаўнікі пасьпелі толькі падрыхтаваць будаўнічыя пляцоўкі як з правага, так і зь левага боку ад асноўнае дарогі. Пра складанасьць працаў можна меркаваць хаця б па наступнай лічбе: давялося перамесьціць звыш двух тысячаў кубамэтраў зямлі. Усяго за гэты час было асвоена больш за 100 тысячаў даляраў капітальных укладаньняў. Гэта грошы, якія Эўразьвяз выдаткаваў Польшчы на мадэрнізацыю ўсходняга ўчастку польскае мяжы. Днямі на памежны пераход прыязджаў адказны чыноўнік з Эўразьвязу, які агледзеўшы зробленае, даў цьвёрдыя гарантыі, што фінансаваньне будзе працягнутае.

Іншая справа – беларускі ўчастак гэтага пераходу. Як вядома, паводле дамовы, больш як 70% сродкаў ўкладаных сюды, дае Расея, якая не заўсёды і своечасова фінансуе гэтыя работы.

Разам з тым ёсьць пэўныя падставы для аптымізму і беларусам. Ужо быў абвешчаны тэндэр на мадэрнізацыю беларускага ўчастку пераходу “Брузгі-Кузьніца”. Яго выйграла гарадзенская фірма “Гроднапрамбуд”.

Каб даведацца больш падрабязна, калі ж пачнуцца неабходныя работы, мы затэлефанавалі галоўнаму інжынэру гэтае ўстановы Івану Чыліку:

(Чылік: ) “Мы плянуем пачаць працу тыдзень-праз два”.

(Мажэйка: ) “Колькі часу зойме ўвесь працэс мадэрнізацыі нашага беларускага ўчастку?”

(Чылік :) “Па нарматыве, павінна быць у чэрвені наступнага году”.

(Мажэйка :) “А ці вядома, што канкрэтна плянуецца зрабіць?”

(Чылік : ) “У агульных рысах толькі”.

(Мажэйка :) “Хто фінансуе гэтую будову?”

(Чылік :) “Мытны камітэт, беларускі. Нам кажуць, што там будуць і расейскія грошы”.

Поўную ж мадэрнізацыю свайго ўчастку палякі плянуюць скончыць у 2003 годзе, аднак дзеля гэтага неабходна будзе закрыць пераход яшчэ раз. І гэта, хутчэй за ўсё, адбудзецца ў траўні-чэрвені 2002 года.

Прапускная здольнасьць пераходу “Брузгі-Кузьніца”, што наноў адчыняецца 15 лістапада, ня зьменшыцца. У суткі памежнікі здольныя афармляць 2-2,5 тысячы транспартных сродкаў і 8-10 тысяч пасажыраў.

Мытны і памежны кантроль на пераходзе як і раней будзе ажыцьцяўляцца на беларускім баку сумесна палякамі і беларусамі.

Вельмі значным для жахароў Гарадзеншчыны зьяўляецца тое, што польскі й беларускі бакі дамовіліся працягваць функцыянаваньне пераходу “Пагранічны-Баброўнікі”. Тут будуць афармляцца ўсе віды транспарту, акрамя аўтобусаў.

Такім чынам, з 15 лістапада Гарадзеншчына займее на мяжы з Польшчай два раўназначныя прапускныя пункты.

Павал Мажэйка, Прага

XS
SM
MD
LG