Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


На рэчавых рынках краіны працягваецца перасьлед гандляроў за парушэньне імі новых мытных правілаў.

Як паведаміў нашаму радыё сябра Свабоднага прафсаюзу прыватных прадпрымальнікаў Юрась Грыгор’еў, фінансавыя праверкі сёньня пачаліся на самым буйным у Менску рэчавым кірмашы — на стадыёне “Дынама”. Там дзяржаўныя кантралёры абвінавацілі ў ігнараваньні новых мытных правілаў гандляроў радыёапаратуры. Кантралёры запатрабавалі, каб радыёапаратура, прывезеная з Масквы ці іншых гарадоў Расеі, якая паходзіць з трэціх краінаў, прайшла мытнае афармленьне. Як мне паведамілі ў рэспубліканскім страйкаме, колькасьць падобных фактаў з кожным днём павялічваецца.

Гаворыць сябра страйкаму Валеры Сіманаў:

“Зараз ідзе кампанія, скіраваная на запалохваньне прадпрымальнікаў. Паводле нашых зьвестак, выбіраюць найперш гандляроў, якія маюць шмат тавараў. Складаюцца акты, што прадпрымальнікі нібыта рэалізуюць іх з парушэньнем новых правілаў. Выпісваюцца штрафы ад 20 да 50 тысячаў рублёў. І іх папярэджваюць, што калі на працягу двух тыдняў тавар ня пройдзе мытнае афармленьне, ужо пачнуцца вельмі сур’ёзныя санкцыі”, — зазначыў Валеры Сіманаў.

Між тым, паводле ягоных словаў, пакуль ніводзін прыватны прадпрымальнік не падпарадкаваўся чыноўніцкім указаньням. З аднаго боку, гандляры ня ў стане павялічыць выплаты дзяржаве. З другога — мытныя новаўвядзеньні, паводле словаў Валерыя Сіманава, прынятыя пасьпешліва й ня могуць быць выкананыя гандлярамі практычна.

Рэч у тым, што дзейнасьць беларускае мытні не разьлічаная на абслугоўваньне 150 тысячаў дробных гандляроў. На думку сяброў страйкаму, нават у Менску мэханізм мытнага афармленьня будзе даваць збоі, бо тут усяго каля дзясятка мытных пунктаў. Але найбольшыя цяжкасьці грувасткая працэдура створыць для гандляроў, якія жывуць у раённых цэнтрах, дзе няма мытняў.

Гаворыць Валеры Сіманаў:

“Скажам, прадпрымальнікам зь Дзяржынску патрэбна будзе ехаць у Менск. Тое ж самае тычыцца, напрыклад, і гандляроў Узьдзенскага раёну. Інакш кажучы, фактычна з усіх раёнаў Менскае вобласьці прадпрымальнікі мусяць выпраўляцца ў сталіцу”, — лічыць сябра страйкаму прыватных прадпрымальнікаў Валеры Сіманаў.

Міхал Стэльмак, Менск

XS
SM
MD
LG