Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Фінансавыя ўлады краіны распачалі перасьлед прыватных прадпрымальнікаў за парушэньне новых мытных правілаў.

У рэспубліканскі страйкавы камітэт прыватных прадпрымальнікаў з шэрагу рэгіёнаў краіны пачалі паступаць сыгналы пра перасьлед гандляроў рэчавых кірмашоў. У прыватнасьці, на сёньняшні дзень такія сыгналы прыйшлі з Гомлю, Бабруйску, Дзяржынску, Баранавічаў, Пінску. Вось што, напрыклад, распавёў нашаму радыё лідэр Свабоднага прафсаюзу пінскіх прадпрымальнікаў Зьміцер Пятроў:

(Пятроў: ) “1 лістапада ўначы прыехалі прадпрымальнікі з Масквы. Іх у Пінску на прываказальнай плошчы сустракалі з АБЭП і мытнікі. Яны ўвесь тавар апісвалі, а ў пятніцу яны ўжо пайшлі на рынак для таго, каб гэтыя прадпрымыльнікі, што трапілі ў тыя сьпісы, не гандлявалі гэтым таварам. А ў сыботу і нядзелю ўжо канкрэтна апісвалі тавары ў некалькіх палатках. У аднаго кажушкі былі, у іншага – люстры ды іншыя электрычныя вырабы”.

— паведаміў Зьміцер Пятроў.

Ён патлумачыў, што дзяржаўных кантралёраў цікавяць тавары, якія былі прывезеныя ў Пінск з Расеі, але былі вырабленыя ў трэціх краінах. На гэтыя тавары дзяржава яшчэ зь 1 кастрычніка распаўсюдзіла новыя мытныя правілы. Новаўвядзеньне выклікала пратэсты з боку прадстаўнікоў дробнага бізнэсу. Аднак улады на іх не адрэагавалі. У зьвязку з гэтым страйкавы камітэт на мінулым тыдні прызначыў на 23 лістапада папераджальны страйк.

Як паведаміў сёньня каардынатар акцыі Леанід Каліценя, зараз вядзецца актыўная падрыхтоўка. Рэгіёны, паводле ягоных словаў, гатовыя падтрымаць акцыю, паколькі мытнае новаўвядзеньне ставіць крыж на бізнэсе дробных прадпрымальнікаў.

Гаворыць лідэр пінскіх гандляроў Зьміцер Пятроў:

(Пятроў: ) “Цяпер кошт тавару ўзрастае да такога ўзроўню, што ў нас, у Беларусі, па такім кошце прадаць ужо нічога ня зможам”.

(Карэспандэнт: ) “Якая зараз атмасфэра ў асяродзьдзі прадпрымальнікаў?”

(Пятроў: ) “Атмасфэра яшчэ да лістапада, у канцы кастрычніка была цяжкая. Прадпрымальнікі ўжо хацелі нават не плаціць падаткі. Яны да апошняга дня не плацілі падаткі – чакалі што будзе, можа страйк пачаць ці што…Ніхто ня ведаў, што рабіць. Ну а ў апошні дзень заплацілі, а як заплацілі дык адразу ж гэта ўсё і пайшло”.

(Карэспандэнт: ) “Прызначаны страйк на 23-га. Як адрэагуюць пінскія прадпрымальнікі на гэтую ініцыятыву страйкавага камітэту?”

(Пятроў: ) “Можа нам давядзецца спыніць і не чакаць 23-га пры такой сытуацыі…”

— зазначыў старшыня Свабоднага прафсаюзу прыватных прадпрымальнікаў Пінску Зьміцер Пятроў.

Міхал Стэльмак, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG