Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Кіраўніцтва “Маладога Фронту” й Праваабарончы цэнтар “Вясна” маюць намер прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці шэраг супрацоўнікаў Партызанскага раённага аддзелу міліцыі Менску. Міліцыянты з гэтага пастарунку днямі зьбілі двух непаўнагадовых маладафронтаўцаў Алега Корбана й Міхася Царкова.

Падлеткаў затрымаў супрацоўнік міліцыі ў цывільным у раёне сталічнай вуліцы Грыцаўца ў той час, калі тыя клеілі ўлёткі з заклікам прыйсьці 12 лістапада да Акадэміі Навук і ўзяць удзел у маладзёвай акцыі пад назваю “Пераменаў!” Міліцыянт выклікаў патрульную машыну.

Падлеткі сьцьвярджаюць, што ў пастарунку іх распранулі, абшукалі, сканфіскавалі ўлёткі, а пасьля пачалі зьдзеквацца. Паводле Алега Корбана, яго зь сябрам завялі ў габінэт і пачалі зьбіваць нагамі.

Міхася Царкова білі кулаком у патыліцу, а таксама прыляпілі на лоб улётку. Алегу Корбану сьціснулі нос зашчэпкаю для мацаваньня бялізны. Пры гэтым, паводле падлеткаў, міліцыянты іх усяляк абражалі. Пасьля маладафронтаўцаў даставілі ў інспэкцыю ў справах непаўнагадовых, склалі пратаколы за засьмечваньне навакольнага асяродзьдзя ды адпусьцілі.

Параіўшыся з бацькамі, дзеці напісалі заявы ў Праваабарончы цэнтар “Вясна” з просьбаю прыцягнуць міліцыянтаў да крымінальнае адказнасьці.

Я вырашыў пацікавіцца ў раённым аддзеле міліцыі, што ж здарылася там з затрыманымі падлеткамі? Дзяжурны паведаміў, што асобы з такімі прозьвішчамі нібыта ўвогуле не дастаўляліся ў РАУС. А вось што паведаміла нашаму радыё інспэктарка ў справах непаўнагадовых Аксана Шмыга:

(Шмыга: ) “Я прыйшла, іх прывезьлі з аховы — гэтых двух хлопцаў з торбаю ўлётак. Я дала пратаколы, гэтыя ахоўнікі, што іх прывезьлі, расьпісаліся, напісалі рапарты. Я ўзяла ў падлеткаў тлумачэньні, склала пратаколы і адпусьціла іх дахаты. Пры мне яны зьбітымі не былі, я вам гэта скажу дакладна”,

— гэта была інспэктарка ў справах непаўнагадовых Партызанскага РАУС лейтэнант Аксана Шмыга.

А вось меркаваньне прадастаўніка Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянціна Стэфановіча:

(Стафановіч: ) “Партызанскі РАУС вызначаецца такімі грубымі парушэньнямі закону. Тут можна згадаць гісторыю зь Кадуковым, калі ён быў пратрыманы ўсю ноч замест трох гадзінаў. У Партызанскі РАУС была выкліканая здымачная група БТ, якая здымала допыт. Ну і вось зараз зноўку паўтарылася. Пра гэты факт трэба напісаць скаргу ў пракуратуру Партызанскага раёну, узяць накіраваньне ў пракуратуры на правядзеньне судова-мэдычнай экспэртызы і ў скразе прасіць узбудзіць крымінальную справу паводле артыкулу 167 частка 2 “Перавышэньне паўнамоцтваў службовай асобы, якое зьвязанае з прымяненьнем гвалту”.

Паведаміў спадар Стэфановіч.

Праваабаронцы з цэнтру “Вясна” маюць намер давесьці гэтую справу да суду й прыцягнуць міліцыянтаў да адказнасьці.

Альгерд Невяроўскі, Менск

XS
SM
MD
LG