Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


(эфір 4 лістапада)
А 12-й гадзіне бацькі і сваякі загіблых у падземным пераходзе на станцыі мэтро “Няміга” распачалі дзевяцігадзіннае пікетаваньне мейсца трагедыі. Яно працягваецца й зараз. Ля пікету спыняюцца людзі й ставяць свае подпісы пад патрабаваньнем да гарадзкіх уладаў збудаваць храм або капліцу на мейсцы сьмерці 53 чалавек.

Апоўдні ля будынку Цэнтру фізычнага выхаваньня, што знаходзіцца ў некалькіх дзясятках мэтраў ад трагічна вядомага падземнага пераходу, бацькі і сваякі загіблых пачалі разгортваць плякаты: “Вінаватых у сьмерці дзяцей — да адказу”, “Ахвярам Нямігі — прыстойны помнік на мейсцы сьмерці”. Тут жа паставілі партрэты загіблых у цісканіне. А побач — сьвечкі й кветкі.

Ля плякатаў усталявалі стэнд. На ім праект храму, узьвядзеньня якога дамагаюцца ад уладаў сваякі загіблых. Побач — сьпіс і фотаздымкі ўсіх ахвяраў, а таксама, напісаны ад рукі, зварот да жыхароў Менску паставіць свае подпісы пад патрабаваньнем да гарадзкіх уладаў належным чынам ушанаваць памяць загіблых.

Аўтары звароту просяць у суграмадзянаў маральнае падтрымкі. “Мы спадзяемся дажыць да таго часу, калі будзе ўсталяваны храм або капліца. А гэтыя крывавыя прыступкі будуць ізаляваныя”, — гаворыцца ў звароце. Сваякі загіблых выказваюць абурэньне й тым, што наўмысна зацягваецца расьсьледаваньне акалічнасьцяў трагедыі.

Жадаючых паставіць свой подпіс шмат. Празь нейкія 15 хвілінаў ад пачатку акцыі пікетоўцы прымацоўваюць на стэндзе ўжо трэці аркуш паперы.

Андрэй Шупрынскі паставіў свой подпіс у якасьці салідарнасьці зь няшчаснымі бацькамі. Некалі ён сам згубіў сына. На маё пытаньне, чаму ўлады дагэтуль не ўсталявалі помнік, спадар Шупрынскі адказаў так:

(Шупрынскі: ) “Хтосьці зь іх сам вінаваты ў гэтай трагедыі. Трэба пацягнуць час, і праблема зьнікне сама. А калі ўсталяваць помнік, дык, паводле лёгікі, пасьля трэба будзе расьсьледаваць прычыны трагедыі. Вось гэты цынізм наўрад ці дазволіць паставіць помнік”.

Кіраўніца аб’яднаньня “Няміга-99” Натальля Навакоўская кажа, што выйсьці на пікет бацькоў падштурхнула тое, што ўлады ня могуць ці ня хочуць зразумець праблемы сваякоў ахвяраў. Менскае кіраўніцтва дагэтуль ня вызначылася наконт будаўніцтва мэмарыялу на мейсцы трагедыі. Бацькі занепакоеныя і тым, што расьсьледаваньне акалічнасьцяў трагедыі цягнецца ўжо 15 месяцаў.

(Навакоўская: ) “Тыя вынікі сьледзтва, пра якія мы даведаліся, што ёсьць вінаватыя, могуць не патрапіць у суд. Ёсьць людзі, якія не зацікаўленыя ў гэтым. Таму мы хочам, каб да вынікаў сьледзтва паставіліся належным чынам, і справа была перададзеная ў суд”.

Сябры аб’яднаньня “Няміга-99” маюцца і надалей дамагацца ўсталяваньня помніку на мейсцы трагедыі. Яны лічаць, што кіраўніцтва краіны ня ведае пра йснаваньне праблемы ўшанаваньня памяці ахвяраў. А таму патрабуюць сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.

Ягор Маёрчык, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG