Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Жонка дэпутата Андрэя Клімава Тацяна атрымала тры дні спатканьня з мужам. Тацяна падзялілася з нашым карэcпэндэнтам ўражаньнямі ад наведаньня менскае калёніі.

За амаль тры гады, якія Андрэй Клімаў за кратамі, гэта было іх першае трохдзённае спатканьне. Яно адбылося ў адмысловым турэмным гатэльчыку. Тацяна распавяла, што ў гатэлі было цёпла й даволі ўтульна, надоечы там зрабілі рамонт, і гэтая чысьціня спачатку спрыяла яе добраму настрою. Яго не сапсавала нават даўгая і зьняважлівая працэдура абшукваньня. А потым прыйшоў Андрэй, худы, апрануты ва ўсё чорнае, і сэрца Тацяны як забалела ў тую хвіліну, калі ён вайшоў, так дагэтуль не адпускае.

Тацяна распавядае:

(Тацяна: ) “Уражаньні вельмі супярэчныя. З аднаго боку, я вельмі была радая пабачыцца з Андрэем, правесьці зь ім тры дні, а з другога боку я даведалася падрабязнасьці яго побыту і мяне апанаваў жах. Ён апісаў, як утрымліваюць зьняволеных, якое яны атрымліваюць харчаваньне – адным, словам, канцлягер. Калі няма дапамогі з дому, чалавек асуджаны на выміраньне. Гэта справа толькі часу. Ад недаяданьня, ад голаду… У іх дагэтуль няма ацяпленьня. А харчаваньне такое: панцак раніцай, панцак удзень, панцак увечары”.

(Карэспандэнт: ) “Ён накінуўся на Вашыя прысмакі?”

(Тацяна: ) “Накінуўся”.

Андрэй, аднак ня скардзіцца на харчаваньне, — заўважыла Тацяна. — Галоўнае, што больш за ўсё яго трывожыць, гэта адсутнасьць сапраўднае волі, залежнасьць ад турэмных парадкаў, якія цяжка зразумець людзям, што жывуць за межамі турмы.

“Зьняволеныя і адміністрацыя стварылі нейкі свой сьвет, нам незразумелы. Там шмат розных табу, сымбаляў, розных бессэнсоўных правілаў, якім трэба падпарадкоўвацца, а калі гэтага ня зробіш, дык увогуле там ня выжывеш”, — такую выснову Андрэя паўтарае Тацяна.

Між тым, паводле ейных словаў, адміністрацыя ставіцца да Андрэя як да звычайнага арыштанта, ня робячы яму выключэньняў і не чапляючыся без патрэбы. Вольны час Клімаў бавіць чытаньнем газэтаў і кнігаў, асабліва ні з кім яму дагэтуль асабліва пасябраваць не ўдалося, але ён імкнецца сачыць за палітычным жыцьцём краіны.

(Тацяна: ) “Ён чытае прэсу, яму вядомыя ўсе падзеі, якія адбываюцца на волі, ён мае нейкае стаўленьне да гэтых падзеяў”.

(Карэспандэнт: ) “Што ён кажа пра выбары?”

(Тацяна: ) “Ён кажа, што нават 45 адсоткаў – гэта завялікі працэнт яўкі”.

Паводле Тацяны, Андрэй быў прыхільнікам байкоту выбараў, але ўсё ж лічыць, што апазыцыі не ўдалося дамагчыся сваіх мэтаў. Напрыканцы яна паведаміла, што Андрэй выпадкова сустрэў у турме свайго былога калегу-дэпутата Ўладзімера Кудзінава. “Андрэй казаў, што Валодзя вельмі худы, і потым некалькі разоў вяртаўся да гэтае сустрэчы. Яму ўсё незразумела, чаму ў турме так дрэнна кормяць вязьняў. …А што тут незразумелага, людзей лічаць рабамі, вось і ўсё”, — сказала, падсумоўваючы свае ўражаньні, Тацяна Леановіч, жонка дэпутата Андрэя Клімава.

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG