Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У ноч з 4 на 5 лістапада невядомыя асобы абрабавалі рэдакцыю рэгіянальнай баранавіцкай газэты “Шаг”. Рабаўнікі вынесьлі пяць кампутараў з маніторамі, два прынтэры ды іншую аргтэхніку. Адна з вэрсіяў здарэньня – спроба сарваць выданьне адзінай ў Беларусі штодзённай рэгіянальнай незалежнай газэты.

Паводле ахоўнікаў офісу, дзе месьціцца рэдакцыя, чацьвёра злачынцаў на досьвітку 5 лістапада напалі на яго, зьбілі і зьвязалі. Пагражаючы пісталетам, яны запатрабавалі ключы ад кабінэтаў. Даведаўшыся, што ў ахоўніка ключэй няма, рабаўнікі ўзламалі дзьверы рэдакцыі, вынесьлі з памяшканьня аргтэхніку ды, пагрузіўшы яе ў аўтамабіль, зьніклі з месца злачынства.

Рэдактар газэты “Шаг” Аляксандар Лабкоў лічыць, што ва ўсёй гэтай гісторыі ёсьць некалькі момантаў, якія ніяк не дазваляюць успрымаць яе як звычайнае рабаваньне.

Па-першае, у будынку, дзе месьціцца рэдакцыя газэты, знаходзяцца офісы некалькіх камэрцыйных фірмаў. А насупраць ўзламаных дзвераў рэдакцыі – склад тавараў, кошт якіх вымяраецца ў дзясятках тысячах даляраў. Аднак нічога гэтага злачынцы нават не зачапілі.

Па-другое, рабаўнікі не ўзялі ні факсавы апарат, ні картрыджы, што ляжалі навідавоку, а зьнесьлі толькі тую тэхніку, што ўтрымлівала ў сабе інфармацыю.

Нарэшце, вартаўнік сьцьвярджае, што калі ён ляжаў зьбіты на падлозе, дык выразна бачыў на злачынцах вайсковага ўзору абутак і адзеньне.

Зыходзячы з усяго пералічанага, Аляксандар Лабкоў схільны лічыць, што гэтае злачынства мае палітычны характар. Газэта “Шаг” з верасьня бягучага году – першая ў Беларусі з рэгіянальных недзяржаўных газэтаў пачала выходзіць штодзённа. Яна складае сур’ёзную канкурэнцыю афіцыйнай прэсе.

Алесь Горбач, Баранавічы

XS
SM
MD
LG