Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Апошнім часам у рэклямных блёках беларускае тэлевізіі актыўна прапануе свае паслугі нейкая служба знаёмстваў. Стыль ейных прэзэнтацыяў нагадвае традыцыі сэкс-паслугаў заходніх эратычных тэлеканалаў. А тым часам новыя тэлевізійныя кіраўнікі дэкляруюць, што на беларускай тэлевізіі ня будзе прапаганды сэксу й гвалту.

Ужо некалькі месяцаў кожны вечар пад час рэклямных паўзаў на беларускім дый расейскіх каналах зьяўляецца абвестка нейкае службы знаёмстваў. На экране зьяўляецца прывабная дзяўчына, і тут жа — тэлефонныя нумары. Толькі вось адсутнічае назва службы знаёмстваў і нумар ліцэнзіі…

Тэлефаную па адным з пададзеных нумароў. Прыемны жаночы голас папярэджвае, што кожная хвіліна размовы будзе каштаваць 700 рублёў, і калі цана не падыходзіць, прапануе пакласьці слухаўку.

Працягваю тэлефонны інтымны экспэрымэнт. Пад рамантычную музыку той жа лісьлівы голас дзесьці хвіліны тры тлумачыць, якія кнопкі трэба націскаць, как выбраць для сяброўку ці сябра паводле сваіх жаданьняў. Галасы даволі канкрэтна тлумачаць матывацыі будучых “спадарожнікаў жыцця”:

(Голас дзяўчыны: ) “Мяне завуць Інэса. Я хачу пазнаёміцца з забясьпечаным хлопцам”.

Добра зразумелыя і мужчынскія патрэбы:

(Голас мужчыны: ) “Мне 40 год. Я хацеў бы пазнаёміцца з жанчынай для сэксуальных сустрэчаў. Матэрыяльна забясьпечаны”.

Прысутнічаюць і галасы гэтак званых “новых беларусаў”:

(Голас мужчыны: ) “Я чыста хачу пазнаёміцца ну і ўсё такое…”

Варта адзначыць, што жанчыны больш падрабязна распавядаюць пра свае спадзяваньні:

(Голас дзяўчыны: ) “…Даша. Буду радая пакантактаваць зь вясёлымі, маладымі людзьмі не старэйшымі за 35 год. Усе падрабазнасьці, датычныя зьнешняга выгляду, пры бліжэйшым кантакце”.

Па тэлефоне прапануюць сябе і эксцэнтрычныя асобы:

(Голас дзяўчыны: ) “Я іншаплянэцянка. Месца нараджэньня – плянэта Сырыюс. Мэта прыбыцьця – знаёмства з лепшым прадстаўніком мужской паловы насельніцтва”.

Пад час тэлефоннага знаёмства можна пачуць і абразу:

(Голас мужчыны: ) “Каб вы здохлі…”

Каб высьвятліць, ці адпавядаюць беларускаму заканадаўству тэлефонныя знаёмствы такога кшталту, я зьвярнулася да спэцыяліста аддзелу нораваў і незаконнага абароту наркотыкаў менскае міліцыі Ўладзімера Ільніцкага. Ён распавёў нашаму радыё пра тое, што гэтым тэлефонным бізнэсам займаецца фірма “Тэлекол-Інфа”.

(Ільніцкі: ) “Гэта супольнае беларуска-ізраільскае прадпрыемства. Яно афіцыйна зарэгістраванае. Гэтая кампанія працуе ва ўсім сьвеце.

Калі Вы мяркуеце, што гэта сэкс па тэлефоне, дык гэта ня так. Калі мы ўпершыню гэта пабачылі, дык і мы, і пракуратура распачалі праверку. Мы тэлефанавалі, запісвалі галасы на стужку, аналізавалі й прыйшлі да высновы, што гэта паводле формы не адпавядае інтымным паслугам.

Хвіліна каштуе 700 рублёў, а некаторыя дзяўчаты могуць паўгадзіны распавядаць, як мусіць выглядаць ейны сябар. І ў рэшце рэшт трапляеш на вялікія грошы”, — зазначыў Уладзімер Ільніцкі.

У рэклямным аддзеле Беларускае тэлевізіі на пытаньне, ці не супярэчыць Закону аб рэкляме ролік службы знаёмстваў, у якім няма назвы фірмы й нумару ейнае ліцэнзіі, мне не адказалі, спаслаўшыся на перадсьвяточную занятасьць.

Ганна Соусь, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG