Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


На нядаўнім брыфінгу для журналістаў у Гомельскім абласным выканкаме загадчык аддзелу каардынацыі дзейнасьці адміністрацыйных ворганаў Рыгор Івончык заявіў, што злачыннасьць у рэгіёне перамяшчаецца зараз у сельскую мясцовасьць.

Сапраўды, паводле зьвестак абласное міліцэйскае ўправы, у сельскіх раёнах за няпоўны сёлетні год учынена звыш 5 тысячаў злачынстваў — палова ад усіх зарэгістраваных праваахоўнымі ворганамі на тэрыторыі рэгіёну. І гэта пры тым, што сельскае насельніцтва складае толькі трэцюю частку.

Крыміналізацыю вёскі незаангажаваныя аналітыкі зьвязваюць з сацыяльнымі прычынамі — нізкімі заробкамі, нясвоечасовай іх выплатаю, адсутнасьцю матывацыі да працы. Зрэдку называюцца й дэмаграфічныя акалічнасьці, зьвязаныя з паўторным засяленьнем забруджаных пасьля “чарнобылю” раёнаў перасяленцамі з Расеі, Казахстану, Сярэдняй Азіі, Закаўказьзя. Сярод іх — і асобы з крымінальным досьведам.

Сьведчыць намесьнік начальніка Брагінскага раённага аддзелу міліцыі Аляксандар Кузьмін:

“Мы вылавілі мігранта-забойцу з Сахаліну, мігранта з Карэліі, які забіў супрацоўніка міліцыі, таксама ўкраінца, за плячыма якога бандыцкі напад, рабаўніцтва й гвалтаваньне”, — адразу прыгадвае Аляксандар Кузьмін.

Ён перакананы, што наркаманію ў Брагін прывезьлі мігранты зь Сярэдняй Азіі. Усё часцей здараюцца крадзяжы, ашуканствы, забойствы й калецтвы на побытавай глебе.

І характэрна гэта ня толькі для Брагіну. У Чачэрскім раёне, напрыклад, дзе таксама шмат жыве перасяленцаў, злачыннасьць сёлета падвысілася на 13%, у Хойніцкім раёне — на 23%, у Кармянскім — ажно на 44%.

Між тым, Аляксандар Лукашэнка, пабываўшы ў сёлетнюю гадавіну “чарнобылю” ў Нараўлянскім раёне, абяцаў мігрантам спрошчаны парадак атрыманьня беларускага грамадзянства.

Казімер Яноўскі, Гомель

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG