Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Узрасла напружанасьць сярод прадпрымальнікаў рэчавых рынкаў Пінску. Штодня на працу не выходзяць дзясяткі гандляроў, якія апасаюцца кантралёраў.

Пярэпалах пачаўся пазаўчора, калі супрацоўнікі падатковай інспэкцыі разам з прадстаўнікамі аддзелу барацьбы з эканамічнай злачыннасьцю сустрэлі на вакзале некалькі аўтобусаў зь пінскімі прадпрымальнікамі, якія вярталіся з Масквы.

Падаткоўцы перапісалі ўсіх прадрымальнікаў, а таксама іхныя тавары, і папярэдзілі, што гандляваць імі можна будзе толькі пасьля адпаведнага афармленьня.
Аднак, прадпрымальнікі лічаць падобны падыход незаконным.
Паводле загадаў нумар 55 і 57 Дзяржаўнага мытнага камітэту, прадпрымальнік мусіць цягам 15 дзён пасьля ўвозу тавару падаць адпаведную дэклярацыю ў мытны ворган па мейсцы жыхарства.

Таму, на думку прадпрымальнікаў, падаткоўцам зусім ня трэба было прымаць такія захады на вакзале, бо гандляры мелі яшчэ два тыдні, каб аформіць належным чынам свае тавары.

Учора кантрольныя ворганы пачалі праверку прадпрымальнікаў на рынку Сонечны на ўскрайку гораду.

А сёньня з раніцы правяралі гандляроў Цэнтральнага калгаснага рынку.

Паводле словаў прадпрымальнікаў, супрацоўнікі падатковай інспэкцыі хацелі ўпэўніцца, што ніхто з гандляроў, у якіх два дні таму апісалі тавар, не прадае яго без адпаведнай мыты.

Натуральна, такія дзеяньні выклікалі паніку ў некаторых гандляроў.Частка зь іх вырашыла ўвогуле спыніць працу.

У размовах гандляры абураюцца тым, што саюзныя дамовы паміж Беларусьсю й Расеяй, якімі ўвесь час выхваляюцца беларускія ўлады, насамрэч абарочваецца падвойным падаткаабкладаньнем.

Атрымліваецца, што за тавары з трэціх краінаў мыту аплочваюць спачатку расейскія прадпрымальнікі, а потым яшчэ і беларускія.

Нам стала вядома, што пінскія прадпрымальнікі зьбіраюцца распачаць 23 -га лістапада страйк.

Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

XS
SM
MD
LG