Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Верхняя палата гэтак званага “Нацыянальнага сходу” зрабіла заяву ў адказ на рэзалюцыю Сэнату ЗША з нагоды апошніх беларускіх выбараў, а таксама ўхваліла дзяржаўны бюджэт Беларусі на 2001 год.

“Савет Рэспублікі” яшчэ першага скліканьня сёньня сабраўся, каб ухваліць прыняты таксама старой “Палатаю прадстаўнікоў” закон пра дзяржаўны бюджэт наступнага году. Адначасова верхняя палата вырашыла адгукнуцца на рэзалюцыю №153 амэрыканскага Сэнату пра нелегітымнасьць ды недэмакратычнасьць парлямэнцкіх выбараў у Беларусі. У сёньняшняй заяве зазначана, што “Савет Рэспублікі” са шкадаваньнем успрыняў сэнацкую рэзалюцыю і што Верхняя палата Кангрэсу ЗША нібыта прайгнаравала дэмакратычнае волевыяўленьне мільёнаў беларусаў, выказанае ў часе выбараў.

Я папрасіў аўтара заявы Міколу Чаргінца, старшыню камісіі “Савету Рэспублікі” ў міжнародных справах ды нацыянальнае бясьпекі, растлумачыць, чаму ў яго ды іншых сяброў верхняе палаты выклікае, цытую заяву, “зьдзіўленьне ўпартае нежаданьне амэрыканскіх дэпутатаў прызнаць факт самароспуску Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня ды іхнае настойлівае жаданьне рэанімаваць гэты інстытут на міжнароднай арэне”?

Вось што адказаў спадар Чаргінец.

(Чаргінец: ) “Яны вельмі агрэсыўна настроеныя, проста будучы дэзінфармаванымі адным бокам. Хацелася б ім сказаць: “Выслухайце абодва бакі, а пасьля прымайце ўзважаныя заявы, таму што мова ідзе аб прадстаўніках такой магутнай супэр-дзяржавы, як Злучаныя Штаты Амэрыкі”.

Гэта быў Мікола Чаргінец, які прадстаўляў “Савету Рэспублікі” праект антыамэрыканскае заявы.

А перад ухваленьнем заявы “Савет Рэспублікі” прагаласаваў за дзяржаўны бюджэт наступнага году — 48 “за”, 2 “супраць”. Пра ролю верхняе палаты, якая ня можа зьмяняць законы, а толькі ухваляць або адхіляць іх, у фармаваньні бюджэту лепш за ўсіх яшчэ ў нядзелю сказаў Аляксандар Лукашэнка:

(Лукашэнка: ) “Гэта не праект, ужо ёсьць бюджэт, я яго ўжо падпісаў”.

Заявіў спадар Лукашэнка. На самрэч падпісаць бюджэт ён зможа толькі цяпер, пасьля рашэньня “Савету Рэспублікі”. Віцэ-сьпікер верхняе палаты Міхал Матусевіч зьвярнуў увагу на непразрыстасьць асобных бюджэтных артыкулаў.

Ягоны калега Альфонс Цішкевіч сёньня папрасіў растлумачыць пэўныя артыкулы выдаткаў на адміністрацыю прэзыдэнта, але міністар фінансаў Мікола Корбут адмовіўся рабіць гэта з трыбуны.

Юры Сьвірко, Менск

XS
SM
MD
LG