Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Агляд чарговага, 45-га, нумару штотыднёвіка “Рабочы”.

Нумар зроблены да Дня памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, які 30 кастрычніка адзначыла грамадзкасьць многіх краін – акрамя Беларусі. Мо ў нас не было палітзьняволенных? Але толькі ў Курапатах, урочышчы пад Менскам, энкавэдзісты зьнішчылі каля 250 тысяч чалавек. Свае Курапаты ёсьць у розных кутках Беларусі. Чаму ж афіцыйная Беларусь “замаўчала” 30 кастрычніка? На гэтае пытаньне адказваюць навуковец Ігар Кузьняцоў, журналіст Аляксандар Лукашук і рэдактар газэты “Рабочы” Віктар Івашкевіч. Думка Кузьняцова: “У нашым грамадзтве існуе “сіндром 37-га года”, калі у аднаго боку ёсьць усе магчымасьці ціску, а другі бок застыў у чаканьні. Ідзе адраджэньне ўсяго таго, ад чаго мы адмовіліся у 91-м годзе”. Думка Лукашука: “Сталінскі цмок у Беларусі ніколі не зьнікаў...” Віктар Івашкевіч, рэдактар “Рабочага”, абмяркоўвае пытаньне – ці магчымыя нейкія зьмены? Паводле ягоных меркаваньняў, магчымыя, і нават хутка. Верагодныя два варыянты: або сёньняшняя намэнклятура з дапамогаю Масквы вяртае Беларусь, умоўна кажучы, да часоў Кебіча, або тая ж намэнклятура ідзе на саюз з дэмакратычный апазыцыяй і пачынае перамены, абапіраючыся на Захад. На рэвалюцыйныя крокі наша намэнклятура ня пойдзе. Але не выключаю, кажа Івашкевіч, што намэнклятура Лукашэнку “здасьць”.

Самым важкім матэрыялам нумару стаў артыкул журналіста Сяргея Манастырскага “Склад злачынства” – пра тых, хто аказваў супраціўленьне савецкім уладам – пра “Саюз беларускіх патрыётаў”, які быў створаны у 1946 годзе студэнтамі Глубоцкай пэдвучэльні. Яны прайшлі Магадан, Калыму, Нарыльлаг, але захавалі сваю чалавечую годнасьць. Сёньня ж факт існавання “Саюза беларускіх патрыётаў” амаль нікому не вядомы.

На тэму жывучага сталінізму у Беларусі разважае гісторык Мікола Крывальцэвіч, які ў складзе архэалягічнай групы разам з Зянонам Пазьняком праводзіў першыя раскопкі пахаваньняў ахвяр масавых рэпрэсій.

“Рабочы” таксама працягвае дыскусію пра месца і ролю беларускага прафсаюзнага руху ў сучасным жыцьці Беларусі. У спрэчку з палітолягам Уладзімірам Мацкевічам уступіў старшыня прафсаюза работнікаў аўтасельгасмашу Аляксандр Бухвостаў. Артыкул называецца “Ня ведаеш ты жыцця, Уладзімер!”.

Сваю чацвертую старонку газэта аддала інвалідам. У прыватнасьці, закранаецца жыцьцё чалавека на калясцы. Журналіст Сьвятлана Шыдлоўская піша: “Час просьбаў заканчваецца. Просьбы інвалідаў улада ня чуе. Настае час акцыяў пратэсту. “Калясачнікі” разам з роднымі і сябрамі павінны выйсьці на вуліцы, каб паставіць свае праблемы рубам. Месца інваліда ў грамадзтве павінна знаходзіцца побач са здаровым чалавекам, так, як гэта ёсьць на Захадзе. Калі ж інваліды не пачнуць супраціўленьне, значыць, яны згадзіліся са сваёй горкай доляй сядзець у кватэрах-турмах альбо гнісьці жывымі на сваіх ложках”.

Пятая старонка – тэматычная. Яна завецца “Цэх каханьня”.

На восьмай, апошняй, старонцы – традыцыйны “Беларускі каляндар”, які на гэты раз прысвечаны Дню памяці продкаў – Дзядам.

Агляд падрыхтаваны рэдакцыяй газэты.

XS
SM
MD
LG