Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канфлікт вакол друкарні “Мэджык”


(эфір 30 Кастрычніка 2000)

Праграму вядзе Віталь Цыганкоў.

Ці будуць выходзіць беларускія незалежныя газэты, калі ўлады паралізуюць працу друкарні “Мэджык”?

(Цыганкоў: ) “16 кастрычніка, на наступны дзень пасьля правядзеньня першага тура гэтак званых парлямэнцкіх выбараў, падаткавыя інспэктары апісалі маёмасьць прыватнае друкарні “Мэджык”. У мітусьні пасьлявыбарчых заяваў і камэнтароў грамадзтва, здаецца, не надала гэтай падзеі адпаведнае ўвагі. Тым часам сытуацыя вакол “Мэджыку” выразна паказала ўсю хісткасьць становішча беларускае незалежнае прэсы.

Для многіх бадай упершыню высьвятлілася тая непрыемная акалічнасьць, як лёгка ўлады могуць стварыць цяжкавырашальныя праблемы для беларускіх незалежных выданьняў. Дастаткова проста паралізаваць працу прыватнае друкарні “Мэджык”, фактычна адзінай на сёньня, якая друкуе незалежныя выданьні. І ўсё, і ня трэба аніякіх белых плямаў — уся недзяржаўная прэса будзе ўяўляць сабою адну белую пляму. Наколькі слушная гэткая пэсымістычная выснова? Адказаць на гэтае пытаньне мы паспрабуем разам з удзельнікамі сёньняшняе праграмы…

Хаця зараз у Менску каля 200 розных друкарняў, але ад 1996 году “Мэджык” — фактычна адзіная недзяржаўная, якая тэхнічна здольная друкаваць газэты. Ня так даўна зьявілася яшчэ адна друкарня такога кшталту — “Плутос” — дзе выходзяць некаторыя выключна непалітычныя газэты.

Чаму ў Беларусі такая без перабольшваньня ненармальная сытуацыя? Адказвае дырэктар “Мэджыку” Юры Будзько…”

(Будзько: ) “Увогуле, вядома, пытаньне ня столькі палітычнае, колькі эканамічнае — і ўпіраецца ў эканамічную сытуацыю ў краіне. Справа ў тым, што абсталяваньне для друкаваньня газэтаў надзвычай дарагое. Яго мала хто можа дазволіць сабе купіць. Ва ўсім сьвеце такія рэчы набываюцца ў лізінг.

У нас на працягу некалькіх гадоў увогуле лізінгавыя плацяжы былі немагчымыя. Заканадаўства было так пабудаванае, што ўсё гэта было проста невыгодна. Паколькі ў нас гэтыя схэмы не працуюць або працуюць вельмі дрэнна, крэдыт атрымаць надзвычай складана. Я спрабаваў гэта рабіць неаднаразова за мінулыя гады — гэта проста немагчыма”.

(Цыганкоў: ) “Але, можа ў такой сытуацыі паспрабаваць прыцягнуць замежных інвэстараў у гэтую даволі пэрспэктыўную і рэнтабельную ва ўсім сьвеце друкарскую справу? Юры Будзько адказвае…”

(Будзько: ) “Беларусь — гэта жупел, пудзіла. Зусім нядаўна ў мяне была сытуацыя — польскі бізнэсмэн хацеў укласьці даволі вялікую суму грошай у вытворчасьць. Прыехаў сюды, зусім акрылены пэрспэктывамі — убачыў рынак, нішу — значыць, можна працаваць. Але калі вярнуўся ў Польшчу, пайшоў у свой банк і вымавіў слова Беларусь, яму сказалі: “Да пабачэньня” і “забыць”.

Слова “Беларусь” стала сынонімам чагосьці ненадзейнага, дзе могуць проста адабраць. Мы ўсе ведаем гэтыя выпадкі, калі проста бяруць і адбіраюць. Цяпер ёсьць цэлы стос законаў, які дазваляе рабіць гэтае беззаконьне нібыта законным парадкам. Але натуральна, што кожны патэнцыйны інвэстар задае першым чынам пытаньне — якія гарантыі, што мае ўкладзеныя грошы вернуцца?”.

(Цыганкоў: ) “Гарантыяў, сапраўды, ніякіх, так што на сёньня ў гэтым вельмі пэрспэктыўным ва ўсім сьвеце бізнэсу ў Беларусі шчыруе фактычна адна друкарня…

Працягваем разглядаць наступствы й пэрспэктывы канфлікту вакол друкарні “Мэджык”. У “Мэджыку” сёньня друкуюцца каля 20 незалежных выданьняў, сярод якіх “Народная Воля”, “БДГ”, “Рабочы” ды іншыя. Ці адчуваюць рэдакцыі сваю падступнасьць у гэтай сытуацыі, хісткасьць свайго становішча. І калі адчуваюць, дык ці прадпрымаюць што-небудзь, каб вырвацца з гэтае залежнасьці. Чаму б, напрыклад, усім незалежным выдаўцам не сабрацца й не заснаваць яшчэ адную недзяржаўную друкарню. На гэта маё наіўнае пытаньне адказвае генэральны дырэктар Закрытага акцыянэрнага таварыства “БДГ”, віцэ-прэзыдэнт БАЖ Эдуард Мельнікаў…”

(Мельнікаў: ) “А я вам магу адказаць сустрэчным пытаньнем — а чаму прыватны завод, ці фірма, ці фэрмэрскія гаспадаркі не разьвіваюцца ў нашай краіне?

Мы кажам, што рынкавай эканомікі ў нашай дзяржаве ня вельмі шмат — і ў гэтай сфэры таксама. Друкарскі бізнэс амаль увесь дзяржаўны, распаўсюджваньне прэсы таксама вядзецца толькі дзяржаўнымі манапалістамі — “Белпошта”, “Беласаюздрук” і гэтак далей. Няма альтэрнатывы ў эканоміцы — і друкарскі бізнэс толькі фрагмэнт агульнае сытуацыі”.

(Цыганкоў: ) “Па-вашаму, гэтая сытуацыя кардынальна ня зьменіцца бязь зьменаў эканамічных і палітычных?”

(Мельнікаў: ) “Я лічу, што так. Хаця адзінкавы цяпер прыклад “Мэджыку” — гэта прыклад таго, што некалі ў нас было лепей, у пачатку 90-х, калі “Мэджык” пачынаў сваю дзейнасьць”.

(Цыганкоў: ) “Безумоўна, ненармальна, што столькі незалежных выданьняў залежыць ад адной друкарні. Што робяць рэдакцыі, разумеючы гэтую ненармальнасьць? Ці разглядаюць яны якія-небудзь іншыя шляхі друкаваньня ў Беларусі? Іншымі словамі, калі ўлады нейкім чынам ўсё ж не дазволяць працаваць друкарні “Мэджык”, і калі гэта здарыцца даволі раптоўна — ці выйдуць у сьвет чарговыя нумары многіх беларускіх выданьняў? Якія тут разьлічваюцца варыянты? Пытаньне да Эдуарда Мельнікава…”

(Мельнікаў: ) “Стан навогул цяжкі, таму што — калі ня “Мэджык”, дык хто? Тэарэтычна зноў-такі можна зьвярнуцца да нейкіх іншых друкарань, але што гэта дасьць — ня ведае ніхто. Нават калі дазволяць на нейкім першым пэрыядзе друкавацца, але што будзе потым?

Я ведаю шмат прыкладаў, калі незалежныя выданьні — менскія ці рэгіянальныя — зьвяртаюцца да друкарняў дзяржаўных (а яны амаль усе дзяржаўныя), і ім там ніхто ня дасьць адразу адмовы. Але ім там дадуць тарыфы такія высокія, што гэта будзе невыгодна.

Рэдакцыі могуць разьлічваць, спадзявацца. Напэўна, нейкія дамовы ёсць і перамовы вядуцца, але наколькі яны трывалыя — вось што самае важнае. Нават калі газэта пачне друкавацца ў той ці іншай друкарні, дык хто скажа, што будзе ў будучым і як павядзе сабе кіраўніцтва тае — дзяржаўнае — друкарні”.

(Цыганкоў: ) “Генэральны дырэктар Закрытага акцыянэрнага таварыства “БДГ”, віцэ-прэзыдэнт БАЖ Эдуард Мельнікаў не дадае аптымізму сваімі словамі. Выглядае, што ў сёньняшняй канкрэтнай сытуацыі, якая наўрад ці зьменіцца да прэзыдэнкіх выбараў у Беларусі, незалежная прэса можа трывала разьлічваць зноў-такі толькі на “Мэджык”. З гэтага пункту гледжаньня канфлікт, які разгарэўся вакол друкарні, вельмі тыповы для Беларусі апошніх гадоў. Дамоклаў меч над “Мэджыкам” завіс, але ён пакуль што не апушчаны. У дылеме “пакараць нельга памілаваць” коска не пастаўленая нідзе. Патэнцыйная ахвяра завісае ў стане невядомасьці, і паводле задумы арганізатараў экзэкуцыі, павінна пачаць нэрвавацца. Аднак Юры Будзько ўпарта не жадае адчуваць сабе ахвяраю”.

(Будзько: ) «Або гэта нейкі загад зьверху, або гэта проста шэраговая праца камітэту фінансавых расьсьледваньняў — я ня ведаю. Прынамсі, гэта — выпрабаваньне на трываласьць, і для мяне гэта сапраўды важны іспыт. Я думаю, мы выстаім. Я ж нават быў прызнаны лепшым прадпрымальнікам году ў 1998-м паводле колькасьці выплачаных падаткаў, паводле колькасьці створаных працоўных месцаў. Але я сапраўды хачу быць законапаслухмяным грамадзянінам, плаціць падаткі й спаць спакойна».

(Цыганкоў: ) “Прагледжваецца пэўная заканамернасьць. Націск на вас быў перад рэфэрэндумам 1996 году, цяпер вось. Што, па-вашаму, будзе перад прэзыдэнцкімі выбарамі?”

(Будзько: ) «Мне здаецца, што перад выбарамі нас пакінуць у спакоі. Проста таму, што трэба зрабіць выгляд, што выбары законныя, легітымныя. Усё гэта вельмі неразумна, і я нават думаю, ці не правакацыя гэты супраць прэзыдэнцкай адміністрацыі? Бо друкарня працягвае працу, а палітычныя апанэнты атрымалі калясальны козыр у рукі. Яны могуць заявіць: «глядзіце, ідзе націск на адзіную друкарню, што друкуе незалежную прэсу».

Тут лёгікі няма аніякай. Газэты ўсё роўна выйдуць. Яны выйдуць, нават калі зачыняць усе друкарні ў Беларусі — яны ў Летуве будуць надрукаваныя і прывезеныя. А зь іншага боку — шуму шмат. Так што, мне здаецца, што перад прэзыдэнцкімі выбарамі мы будзем працаваць спакойна».

(Цыганкоў: ) “Дырэктар «Мэджыку» Юры Будзько, як усялякі бізнэсовец, мысьліць лягічна. Паводле лёгікі, ён нібыта мае рацыю — друкарню мусяць пакінуць у спакоі. Але — гэта калі мысьліць лягічна… Калі ж мысьліць беларускімі рэаліямі, дык напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў можа здарыцца ўсё што заўгодна. І тады незалежнай прэсе застанецца спадзявацца толькі на “Мэджык”. Нагадаю, “magic” з ангельскай — гэта цуд.

Віталь Цыганкоў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG