Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Сёньня Генэральная асамблея ААН аднавіла сяброўства Югаславіі ў гэтай міжнароднай арганізацыі.

Сёньня чырвоны цітаўскі сьцяг сацыялістычнай Югаславіі быў спушчаны з флагштоку каля будынку ААН у Ню-Ёрку, а замест яго ўзьняўся трохкаляровы сьцяг Фэдэратыўнай Рэспублікі Югаславіі. Восем гадоў таму сяброўства Югаславіі ў ААН было прыпыненае з прычыны распаду краіны: са складу былой Югаславіі выйшлі Харватыя, Босьнія і Славенія, крыху пазьней – Македонія. Ранейшая краіна зьменьшылася да дзвюх рэспублікаў – Сэрбіі і Чарнагорыіі. Усе ізноў створаныя краіны сталі сябрамі ААН. Усе, акрамя Югаславіі: рэжым Мілошавіча патрабаваў, каб новая Югаславія была прызнаная правапераемнікам ранейшай. У задавальненьні гэтай просьбы было адмоўлена, у выніку чаго краіна на 8 гадоў апынулася па-за межамі ААН. І вось зараз новае кіраўніцтва Югаславіі падвяло рысу пад мінулым.

Тыдзень таму падчас візыту ў Маскву прэзыдэнт Каштуніца заявіў, што зьвярнуўся ў ААН з просьбай пра далучэньне. Гэтыя просьба была падтрыманая як Радаю бясьпекі ААН, гэтак і чатырма краінамі, што раней былі рэспублікамі ў складзе Югаславіі. Сёньня генэральная асамблея прыняла канчатковае рашэньне – з сёньняшняга дня Федэратыўная Рэспубліка Югаславія – ізноў паўнавартасны сябра ААН. Адмысловы прадстаўнік прэзыдэнта Каштуніцы Горан Сьвіланавіч выказаў падзяку прадстаўнікам аб’яднаных нацыяў. Ён таксама сказаў.

(Сьвіланавіч: ) “Я скарыстоўваю гэтую магчымасьць, каб даць гарантыі ўсім вам і, у прыватнасьці, нашым суседзям. Югаславія ясна ўсьведамляе праблемы, якія стаяць перад намі, і гатовая разам з суседзямі і з усясьветнай супольнасьцю прыкладаць высілкі, каб вырашыць іх. Нашая краіна будзе надзейным суседам і дабрасумленым сябрам міжнароднай супольнасьці і прыкладзе ўсе намаганьні, каб забясьпечыць мір і стабільнасьць у рэгіёне і ў сьвеце”.

Гэта быў адмысловы прадстаўнік прэзыдэнта Югаславіі Горан Сьвіланавіч.

Скасаваньне міжнароднай ізаляцыі спараджае для новай Югаславіі некаторыя праблемы. Яна цяпер павінная заплаціць 8 мілёнаў даляраў унёскаў, каб атрымаць права голаса на асамблеі. Як паўнавартасны сябра ААН Югаславія мусіць супрацоўнічаць з міжнародным трыбуналам ААН, які патрабуе выдачы асобаў, што падазраюцца ў міжнародных злачынствах, у тым ліку і былога прэзыдэнта Югаславіі Мілошавіча.

Акрамя таго, менавіта зараз дзяржаўны статус Югаславіі робіцца няпэўным. Пазаўчора прээзыдэнт югаслаўскай рэспублікі Чарнагорыі Джуканавіч заявіў, што Югаславія мусіць быць ператвораная ў міждзяржаўны саюз, паўнамоцтвы якого абмяжоўваліся б толькі пытаньнямі агульнай абароны, зьнешняй і грашовай палітыкі. Джуканавіч выказаў меркаваньне, што ў ААН павінныя быць прадстаўленыя абедзьве рэспублікі – і Чарнагорыя, і Сэрбія. Пакуль, праўда, гэта толькі прапановы, Джуканавіч гатовы да перамоваў з Бялградам наконт будучага статусу федэрацыі. Варта адзначыць, што некалькі дзён таму ён выказаўся супраць тэрміновага прыняцьця Югаславіі ў ААН, але, як бачым, гэтае пярэчаньне засталося па-за ўвагаю.

Ня меншай праблемай зьяўляецца правінцыя Косава, што знаходзіцца пад міжнародным наглядам з лета мінулага году. За гэты час імкненьні косаўскіх албанцаў да незалежнасьці толькі ўзмацніліся. Расея і іншыя сябры Рады бясьпекі ААН па-ранейшаму падтрымліваюць сувэрэнітэт Югаславіі над Косавам, што прадугледжвае і рэзалюцыя № 1244 пра міжнародны нагляд над правінцыяй. Але ЗША лічаць, што гэтае пытаньне можа быць прадметам перамоваў. Амбасадар ЗША ў ААН Голбрук, у прыватнасьці, заявіў наступнае.

(Голбрук: ) “Рэзалюцыя ААН не выключае магчымасьці незалежнасьці Косава. Некаторыя нашыя калегі ў Радзе Бясьпекі не падзяляюць нашае меркаваньне. Яны лічаць, што гэтае пытаньне вырашанае. Але, на думку ЗША, рэзалюцыя не выключае магчымасьці атрыманьня незалежнасьці”.

Існаваньне шэрагу складаных праблемаў не адмаўляе і афіцыйны Бялград. Але сёньня закладзены пачатак іх вырашэньня супольнымі высілкамі Аб’яднаных нацыяў, сярод якіх пачэснае мейсца ізноў заняла Югаславія.

Юры Дракахруст, Прага

XS
SM
MD
LG