Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Афіцыйныя крыніцы даюць вельмі сьціслую інфармацыю пра візыт у Лівію беларускае дэлегацыі на чале з Аляксандрам Лукашэнкам. Незалежныя экспэрты лічаць, што асноўнай тэмаю перамоваў было ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва.

Сёньня пра вынікі візыту беларускае дэлегацыі ў Лівію журналістам распавядаў прэсавы сакратар Аляксандра Лукашэнкі Мікола Барысевіч. Нагадаем, што Барысевіч прыйшоў на гэтую пасаду з МЗС. Пасьля брыфінгу мне згадалася выслоўе, што галоўная задача дыплямата — сказаўшы шмат, не сказаць нічога па-сутнасьці. Прэсавы сакратар Аляксандра Лукашэнкі, здаецца, добра авалодаў гэтай навукаю.

Так, Барысевіч паведаміў, што Лівійска-арабская кампанія замежных інвэстыцыяў (LAFIKA) возьме ўдзел у рэканструкцыі МАЗу. Ён, аднак, не назваў ніякіх канкрэтных ці хаця б прыблізных лічбаў заплянаваных інвэстыцыяў. Прэсавы сакратар таксама распавёў, што будзе створаны супольны беларуска-лівійскі банк на ўмовах роўнага ўкладаньня капіталу, але зноў-такі не паведаміў лічбаў.

Не адказаў спадар Барысевіч і на шматлікія пытаньні журналістаў пра ваеннае супрацоўніцтва. Ён заўважыў, што гэтыя праблемы закраналіся на перамовах толькі ў агульным пляне. Барысевіч ухіліўся ад адказу на пытаньне, ці падпісаў што-небудзь у Лівіі сакратар Рады Бясьпекі Віктар Шэйман.

Кожны сябра беларускае дэлегацыі браў удзел у нейкіх афіцыйных сустрэчах і перамовах зь лівійскімі калегамі. Гэта й міністар замежных справаў Урал Латыпаў, і міністар прамысловасьці Ўладзімер Харлап, і кіраўнік Менскага гарадзкога выканкаму Ўладзімер Паўлаў. І толькі Віктар Шэйман не пакінуў аніякіх афіцыйных сьлядоў пад час візыту.

Паспрабуем самастойна запоўніць недахоп афіцыйнай інфармацыі ў гэтай галіне. Як лічыць ваенны экспэрт газэты “Белорусский рынок” Аляксандар Алесін, Беларусь у дачыненьнях зь Лівіяй можа выконваць ролю пэўнага пасярэдніка. Надоечы ў прэсе зьявілася інфармацыя, што Каддафі зьвярнуўся да Расеі з просьбаю пра мадэрнізацыю сваёй баявой тэхнікі. За гады міжнароднай ізаляцыі Лівіі тэхнічны стан узброеных сілаў гэтае краіны значна пагоршыўся, і цяпер Трыпалі мае вострую патрэбу ў абнаўленьні, найперш танкаў і самалётаў. Пасьля красавіка, калі міжнародныя санкцыі супраць Лівіі былі прыпыненыя, рэзка ўзрасла дыпляматычная актыўнасьць як Захаду, гэтак і Расеі. І калі Расея пакуль ня хоча “сьвяціцца”, ісьці на канфлікт з Захадам з-за ваенных сувязяў з адыёзнымі рэжымамі, дык Лукашэнка ня надта пераборлівы ў замежнай палітыцы.

Да таго ж Беларусь можа адхапіць у Лівіі і сваю долю ваенных замоваў. Размова йдзе найперш пра рамонтныя паслугі й выраб некаторых кампанэнтаў для баявой тэхнікі — сыстэмы кіраваньня агнём, кіраваньня войскамі й зброяй.

Ну й канешне, пасьля візыту беларускага кіраўніцтва можна зноў чакаць лівійскіх студэнтаў у беларускіх ваенных навучальных установах. Асаблівую патрэбу Лівія мае ў падрыхтоўцы афіцэраў супрацьпаветранай абароны.

Так што, негледзячы на афіцыйныя паведамленьні, выглядае, што менавіта ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва — найбольш прывабная галіна ў беларуса-лівійскіх стасунках. Што да цывільнае прамысловае прадукцыі, дык Лівія ня вельмі зацікаўленая ў яе набыцьці ў Беларусі. Багатыя арабскія краіны маюць грошы, каб купляць якасныя заходнія тавары й тэхналёгіі.

Віталь Цыганкоў, Менск

XS
SM
MD
LG