Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Адукацыйны праект “Беларускі калегіюм” атрымаў дыплём Міністэрства замежных справаў Польшчы за прасоўваньне польскае культуры ў сьвеце. Сёлета такія ўзнагароды атрымалі прадстаўнікі 16 краінаў. Сярод іх упершыню ганараваная беларуская недзяржаўная інстытуцыя.

Сёньня ў Менск з Варшавы вярнуўся кіраўнік Беларускага калегіюму Алесь Анціпенка. Ён адказаў на пытаньні нашага карэспандэнта Ягора Маёрчыка.

(Карэспандэнт: ) «Я Вас віншую, спадар Анціпенка. За што, за якія праекты вы атрымалі ўзнагароду?»

(Анціпенка: ) «Дзякуй. Гэты дыплём быў атрыманы дзякуючы нашаму супрацоўніцтву з Польскім інстытутам у Менску і з польскай амбасадай. На самым пачатку была канфэрэнцыя, наладжаная Беларускім калегіюмам з нагоды выставы, прысьвечанай Ежы Гедройцу, што была арганізаваная ў Менску Польскім інстытутам і амбасадай Польшчы. Па выніках зьявіўся сумесны нумар польскай парыскай «Культуры» і беларускага часопісу «Фрагмэнты». З таго часу маем сталыя кантакты з польскімі інтэлектуаламі. Магу назваць выбітных асобаў, якія былі ў нас, – Кшыштаф Чыжэўскі, Аляксандар Смоляр, прафэсар Стэмпнеўская-Холер, тэатр Восьмага дня (гэта была першая яго паездка ў Беларусь)».

(Карэспандэнт: ) «Чаму Беларускі калегіюм так моцна арыентуецца менавіта на польскую культуру і менавіта на польскі досьвед?»

(Анціпенка: ) «Сымбалічнымі былі тыя перамены, якія пачаліся ў Польшчы ў 70-я гады, і я думаю, што вопыт дэмакратычных пераўтварэньняў у Польшчы – ён, безумоўна, для нас вельмі важны. Ён вельмі лёгка трансфармуецца ў беларускай сытуацыі, ён робіць для нас рэальнай надзею на дэмакратычныя пераўтварэньні і ў нашай краіне. Шмат хто ў Беларусі мае сэнтымэнт да польскай культуры менавіта праз тыя прарочыя словы, што шмат год назад прамовіў Ежы Гедройц, засьведчыўшы неабходнасьць Беларусі, Літвы і Ўкраіны як незалежных краінаў».

(Карэспандэнт: ) «Ці захоўваецца, на Ваш погляд, цікаўнасьць з боку афіцыйных асобаў ды інтэлектуальных колаў Польшчы да сёньняшняй сытуацыі ў Беларусі?»

(Анціпенка: ) «Безумоўна, гэта моцная цікавасьць. Што да падставаў гэтай цікавасьці – яны простыя. Палякі маюць, напэўна, найбольшы досьвед змаганьня з камуністычным рэжымам. І вось досьвед салідарнасьці, які па-ранейшым ёсьць актуальным для палякаў, на гэтым досьведзе і грунтуецца цяперашняя цікавасьць да сытуацыі ў Беларусі»

Гутарыў
Ягор Маёрчык, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG