Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У Горадні працягваецца змаганьне за рэгістрацыю сваёй газэты “Рэпарцёр” ейны рэдактар – Анджэй Пісальнік. Сёньня ён падаў скаргу ў суд Ленінскага раёну места на дзеяньні гарадзкіх уладаў, якія не даюць дазволу на юрыдычны адраз для рэдакцыі.

Спадар Пісальнік лічыць, што ў ягоным выпадку адбываецца ўціск свабоды масавай інфармацыі, паколькі ўлады перашкаджаюць законнай дзейнасьці заснаванальніка газэты ў яго асобе. Парушаная Канстытуцыя ды Закон аб друку і СМІ, зазначна ў скарзе, пададзенай сёньня ў Ленінскі суд. Падатчык скаргі просіць прызнаць дзеяньні гарвыканкаму незаконнымі, а таксама абавязаць улады дазволіць новай газэце прапісацца ў горадзе.

На апошняе ў спадара Пісальніка, зрэшты, надзея невялікая, таму ў выпадку, калі хаця б дзеяньні гарвыканкаму сапраўды будуць прызнаныя незаконнымі, ён зьвернецца ў гаспадарчы суд з мэтаю, як прыватны прадпрымальнік, дамагчыся ад улады кампэнсацыі стратаў за арэнду памяшканьня для рэдакцыі, якую ён наймае.

Цікава, што газэта “Рэпарцёр” не плянавалася як апазіцыйнае або выключна палітычнае выданьне, таму незразумела, чаму гарадзкія ўлады гэтак упарта не дазваляюць існаваць новай газэце. У спадара Пісальніка на гэты конт няма выразнага адказу. “Магчыма ў выпадку з “Рэпарцёрам” выяўляецца агульнадзяржаўная палітыка, што датычыць незалежнае прэсы”, – гаворыць ён. Магчыма, ўлады проста не жадаюць напярэдадні восеньскіх выбараў мець яшчэ адно незалежнае выданьне. Можна выказаць яшчэ адно меркаваньне – цяпер рыхтуецца выхад новай газэты “Вячэрні Гродна”, адным з заснавальнікаў якой будзе менавіта гарвыканкам.

І такі цікавы момант – у змаганьні з гарадзкімі ўладамі Анджэй Пісальнік карыстаецца падтрымкаю некаторых супрацоўнікаў прэзыдэнцкай адміністрацыі. Ва ўсякім разе падтрымкай фармальнай. Напрыклад, на мінулым тыдні ім атрыманы ўрадавы ліст памочніка Лукашэнкі Сяргея Посахава, які раней жыў у горадзе. Спадар Посахаў піша: “Зьяўляючыся прыхільнікам адкрытасьці і публічнасьці, я заўсёды выступаў і выступаю ў падтрымку дэмакратычнага друку”. Далей пішацца, што спадар Посахаў пракансультаваўся са спэцыялістамі і даў даручэньне гарадзенскім чыноўнікам разабрацца ў сытуацыі. Зазначна таксама, што пры патрэбе ў Горадню будзе пасланы супрацоўнік адміністрацыі Лукашэнкі, каб вывучыць пытаньні на месцы.

Паводле словаў Анджэя Пісальніка, Посахаў даручыў разабрацца намесьніку старшыні аблвыканкаму Марыі Біруковай, але вынікаў не было, і спадар Пісальнік вымушаны быў у мінулую пятніцу з сынам на руках пікетаваць на ганку гарвыканкама. Зараз ён зьбіраецца зьвярнуцца да самога Посахава, але ўжо не пісьмова, а па тэлефоне.

Сяргей Астраўцоў, Горадня

XS
SM
MD
LG