Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Адразу па два папярэджаньні атрымалі сёньня рэдакцыі “Народнае Волі” й “Белорусской деловой газеты”. Дзяржкамітэт у справах друку працягвае змагацца са свабодаю слова.

Усе папярэджаньні вынесеныя паводле сумна вядомага для шэрагу кіраўнікоў беларускіх незалежных мас-мэдыяў 5-га артыкулу. Гэта найбольш унівэрсальны артыкул “Закону аб друку”, у адпаведнасьці зь якім пры жаданьні можна прыцягнуць да адказнасьці любога выдаўца друкаванае прадукцыі. Чым улады й карыстаюцца.

У папярэджаньнях на адрэсу БДГ у абодвух выпадках камітэцкія чыноўнікі ўгледзелі “…распальваньне нацыянальнае нецярпімасьці”. У якасьці мішэняў у першым выпадку выступілі палітоляг Сямён Букчын з артыкулам “Кадзіш на Біркінаў” і Тадэвуш Малевіч, які накіраваў востры ліст у адказ.

На падставе завочнага ліставаньня аўтараў, Дяржкамітэт у справах друку абвінаваціў газэту ў наўмысным стварэньні напружаньня ў польска-гэбрайскіх адносінах. У другім выпадку да своеасаблівае адказнасьці быў прыцягнуты чытач газэты спадар Урублеўскі. Ягоны ліст “Мы – ня статак баранаў” быў трактаваны як “прыніжэньне годнасьці грамадзянаў расейскае ды іншых нацыянальнасьцяў, якія выкарыстоўваюць для зносінаў расейскую мову”.

Камэнтар рэдактара “Народнае Волі” Іосіфа Сярэдзіча мы не даем у эфір з прычыны ягонае надзвычайнае эмацыйнасьці. Эпітэты, якімі спадар Сярэдзіч узнагародзіў аўтараў сёньняшняга пасланьня, не дазваляюць сумнявацца ў адназначнай ацэнцы таго, што адбываецца.

Сапраўды, прэтэнзіі да “Народнае Волі” даволі арыгінальныя. Першае папярэджаньне атрыманае за заметку намесьніка рэдактара Івана Макаловіча, дзе ў адным з абзацаў ён задаецца рытарычным пытаньнем “…Можа, варта зьвярнуцца па дапамогу да NATO?”. Другое тычыцца нават ня столькі газэты, колькі намесьніка старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі БНФ спадара Папкова.

Дзяржкамітэт чамусьці палічыў, што гэтая структура БНФ не зарэгістраваная ў Міністэрстве юстыцыі, а значыць, ейныя прадстаўнікі ня маюць права выступаць з агітацыйнымі ўлёткамі на старонках прэсы.

Увесь сёньняшні дзень Іосіф Сярэдзіч правёў у візытах да ўладных чыноўнікаў ды ў факсавым ліставаньні са спадаром Папковым. Паводле словаў рэдактара “Народнае Волі”, ані ў Міністэрстве юстыцыі, ані ў Рэспубліканскай пракуратуры прэтэнзіяў да дзейнасьці газэты няма. Кансэрватыўна-Хрысьціянская партыя БНФ, паводле дакумэнтаў, зарэгістраваная яшчэ сёлета ў лютым. Абвінавачваньні ў апэляцыі да NATO навогул абсурдныя. Значыць, газэта будзе выходзіць у ранейшым рэжыме. Бо, паводле Сярэдзіча, выхад газэты можна спрабаваць спыніць толькі праз суд. Аднаго жаданьня Дзяржкамітэту ў справах друку яшчэ недастаткова.

Ігар Карней, Менск

XS
SM
MD
LG