Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Ізраільская амбасада ў поўным складзе вярнулася ў Менск. Праца дыпляматычнага прадстаўніцтва пачалася з панядзелка.

Праца амбасады Ізраіля была нечакана спыненая на пазамінулым тыдні. Рашэньне пра часовае спыненьне працы прымаў МЗС Ізраіля, які адклікаў дыпляматаў на радзіму для мэдычнага дасьледваньня. Другая сакратарка амбасады Рына Джэрасьсі, а таксама кіраўнік аховы дыпляматычнае місіі вярнуліся ў Беларусь у мінулую сераду.

У той жа час прыбыў і спэцыяліст зь Ізраіля, які займаўся вывучэньнем радыяцыйнае сытуацыі ў Беларусі. Да якіх высноваў прыйшоў гэты спэцыяліст, у амбасадзе паведаміць адмовіліся. І ўсё ж можна зрабіць выснову, што нічога трывожнага ён не знайшоў, паколькі ў нядзелю ў Менск прыехаў амбасадар Ізраіля Марцін Пелед-Флэкс.

Амбасада пачала працу сёньня. У падрыхтаванай ізраільцянамі заяве для прэсы сказана: “Ізраільскія дыпляматы выяжджалі ў Ізраіль на пазамінулым тыдні для правядзеньня мэдычнага дасьледваньня з нагоды няпэўнае радыяцыйнае сытуацыі ў той час. У дадзены момант усе супрацоўнікі вярнуліся ў Менск, амбасада працуе ў звычаным рэжыме”.

Вядома, што і афіцыйныя, і неафіцыйныя крыніцы ня маюць аніякіх доказаў таго, што радыяцыйны фон у Беларусі падвышаўся. Сёньня складана сказаць, чаму зьехалі супрацоўнікі амбасады. Ня выключана, што яны зафіксавалі нейкае лякальнае падвышэньне радыяцыйнага фону. Наўрад ці можна казаць пра нешта сур’ёзнае, бо прадстаўнікі іншых дыпляматычных місіяў засталіся ў Беларусі.

Амэрыканская амбасада запрасіла спэцыяліста, які будзе вывучаць экалягічную сытуацыю ў краіне. Калі ён прыбудзе, дакладна невядома. Сёньня аніякіх падрабязнасьцяў высьветліць не ўдалося: з прычыны сьвята амбасада ЗША не працуе.

Пасьля больш чым тыднёвага перапынку працы ў амбасады Ізраіля вельмі шмат. На працягу ўсяго гэтага часу не працавалі консульскія ўстановы гэтае краіны ў Менску. Гэта значыць, што калі ў гэты пэрыяд некаму тэрмінова спатрэбілася ізраільская віза, ён вымушаны быў зьвяртацца ў консульскія службы ў Маскве.

Ганна Навумовіч, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG