Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Сёньня Аляксандар Лукашэнка накіраваўся ў Берасьцейскую вобласьць, дзе наведаў Бярозаўскую гідраэлектрастанцыю. Увечары ў Віскулях мае адбыцца ягоная сустрэча з прэзыдэнтам Украіны Леанідам Кучмам, які сёньня прыбыў у Беларусь.

Галоўнай мэтай візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Белаазёрск, дзе разьмешчаная Бярозаўская ГРЭС, паводле меркаваньня спэцыялістаў, зьяўляецца разгляд інвэстацыйных праектаў у справе мадэрнізацыі адной з буйнейшых электрастанцыяў краіны. З-за маральнага састарэньня абсталяваньня энэргія, што выпрацоўваецца ў Белаазёрску, вельмі дарагая і няздольная канкураваць з той, што вырабляецца за межамі Беларусі. Таму магутнасьці Бярозаўскай ГРЭС сёньня выкарыстоўваюць толькі на 20 адсоткаў. Беларусь адна прафінансаваць мадэрнізацыю станцыі ня ў стане. Паводле сьціплых падлікаў, на гэта патрэбна каля 180 мільёнаў даляраў. Таму зараз ідзе пошук інвэстараў.

У сакавіку аб сваім намеры ўзяць удзел у праекце заявілі прадстаўнікі Польшчы, Нямеччыны і Расеі. Расейскі Гаспрам, у прыватнасьці, пагадзіўся выдаткаваць грошы з умовай, што праект будзе скіраваны на экспарт энэргіі, а беларускі бок кампэнсуе цяперашнія выдаткі Гаспраму у валюце. Літаральна напярэдадні візыту прыйшлі зьвесткі, што сёлета экспарт энэргіі ў Польшчу не плянуецца, бо палякі не знайшлі сродкаў, каб разьлічыцца з мясцовымі сялянамі, праз зямельныя ўчасткі якіх павінна быць пракладзеная ЛЭП.

У другой палове дня ў берасьцейскім аэрапорце прызямліўся самалёт Леаніда Кучмы. Мясцовыя ўлады вельмі сур’ёзна паставіліся да візыту. На галоўных вуліцах гораду быў спынены рух транспарту. У некаторых установах сёньня быў скарочаны працоўны дзень, а каля будынку кансуляту Ўкраіны ў Берасьці сёньня ўдзень яшчэ рамантавалі пад’яздныя шляхі ды клалі новы асфальт.

Леанід Кучма адразу з аэрапорту накіраваўся ў Брэсцкую крэпасьць, дзе азнаёміўся з мэмарыяльным комплексам і ўручыў узнагароды мясцовым ветэранам, што бралі ўдзел у вызваленьні тэрыторыі Ўкраіны пад час Другой усясьветнай вайны.

Алег Супрунюк, Берасьце

XS
SM
MD
LG