Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Лідэру Свабоднага прафсаюзу Менскага аўтазаводу Міхалу Марынічу адмоўлена ў працаўладкаваньні на прадпрыемства сьлесарам-мэханазборшчыкам. Такі вынік 4-дзённага разгляду ягонае грамадзянскае справы ў судзе Заводзкага раёну.

Пазоў Свабоднага прафсаюзу да адміністрацыі МАЗу судзьдзя Ірына Мардовіч пакінуўла без задавальненьня. Такім чынам, спадзяваньні Міхала Марыніча, што раённы суд прымусіць кіраўніцтва аўтазаводу ўзяць яго на працу сьлесарам-мэханазборшчыкам не спраўдзіліся.

Між тым, напачатку справа для Марыніча выглядала выйгрышнай. Пяць гадоў таму ён перайшоў з агрэгатнага цэху МАЗу, дзе працаваў сьлесарам-мэханазборшчыкам, на вызваленую прафсаюзную пасаду. Дзейнае працоўнае заканадаўства гарантуе прафсаюзным функцыянэрам вяртаньне на ранейшае месца працы. У сакавіку Марыніч выказаў жаданьне зноў стацца рабочым.

Аднак гэтаму жаданьню перашкодзіла адміністрацыя Менскага аўтазаводу, зь якой вось ужо шмат месяцаў Свабодны прафсаюз востра канфліктуе ў пытаньнях сацыяльнай абароны рабочых. Генэральны дырэктар МАЗу Валянцін Гурыновіч ініцыяваў кампанію жорсткага перасьледу сяброў Свабоднага прафсаюзу з мэтаю зьнішчэньня гэтай арганізацыі на прадпрыемстве.

Дырэктар накіраваў у суд групу заводзкіх юрыстаў, якія адстойвалі на працэсе незаконнасьць працаўладкаваньня лідэра Свабоднага прафсаюзу бяз згоды адміністрацыі. Ейны прадстаўнік Людміла Касяк даводзіла суду, што завод працаўладкуе Марыніча, але на тую пасаду, якую пажадае адміністрацыя. Яе бок заняла на працэсе й раённая пракуратура, прадстаўнік якой Сяргей Зянковіч параіў суду адмовіцца ад разгляду справы Марыніча, паколькі той, маўляў, не падаў у аддзел кадраў заводу працоўную кніжку, пашпарт, ды іншыя дакумэнты.

Апаненты лідэра Свабоднага прафсаюзу засталіся задаволенымі вынікам судовага разгляду: судзьдзя Мардовіч у сваім рашэньні ўлічыла ўсе іхныя пажаданьні.

Гаворыць Міхал Марыніч:

(Марыніч: ) “Па сутнасьці, вынесенае палітычнае рашэньне. Справа ідзе аб тым, што арганізацыя, якая была першаснай суполкай свабоднага прафсаюзу мэталістаў, і людзі, якія былі ў ёй і адстойвалі свае правы і інтарэсы, суд таксама не прызнае, што яны былі членамі прафсаюзу мэталістаў. Я думаю, што зараз адміністрацыя пад любымі ўмовамі мяне ня прыме на працу, бо баіцца маёй палітычнай дзейнасьці. Адміністрацыя робіць усё, каб зьнішчыць прафсаюз, але мы лічым, што арганізацыя ёсьць, і яна дзейнічае. І калі лідэр зьявіцца на прадпрыемстве, калі ён будзе дапушчаны да рабочых, дык дзейнасьць будзе пашырацца і павялічвацца будзе яе ўплыў”.

Міхал Марыніч таксама паведаміў, што будзе абскарджваць вынесенае ў судзе рашэньне. У сваю чаргу, віцэ-прэзыдэнт Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Уладзімер Макарчук, камэнтуючы нашаму радыё вынік гэтага судовага разгляду, лічыць яго замоўленым. Зараз у Беларусі, – зазначыў ён, – улады й наймальнікі цалкам кантралююць судовую сыстэму. І таму працаўладкаваньне сяброў дэмакратычных прафсаюзаў паўсюдна сутыкаецца зь вялікімі цяжкасьцямі.

Міхал Стэльмак, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG