Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня


Як ужо паведамлялася, Аляксандар Лукашэнка прызначыў намесьнікам міністра абароны Ўладзімера Ўсхопчыка. Літва заявіла Беларусі афіцыйны пратэст з гэтай нагоды і хоча прыцягнуць Ўсхопчыка да суду за ягоную ролю ў падзеях 91-га году.

Нагадаю, што ў студзені 91-га году, савецкія войскі спрабавалі здушыць незалежніцкі рух ў Літве. Савецкія войскі на бронэтранспартэрах і танках былі накіраваныя для акупацыі тэлестанцыі ў Вільні. Дэманстранты, згуртаваныя вакол тэлевежы, не дапускалі нават думкі, што танкі могуць атакаваць няўзброены натоўп, але яны памыліліся. У выніку 13 чалавек загінулі, і дзесяткі былі параненыя.

Групай савецкіх войскаў, якая дапусьціла кровапраліцьцё, камандаваў Уладзімер Усхопчык. Пасьля абвешчаньня незалежнасьці Літвы ён перасяліўся ў Беларусь і стаў камандзірам ваеннага корпусу, дыслякаванага ў Бабруйску. Літоўскі ўрад запатрабаваў экстрадыцыі Ўсхопчыка, каб паставіць яго перад судом за забойства. Аднак замест гэтага, Аляксандар Лукашэнка прызначыў Усхопчыка намесьнікам міністра абароны і сказаў, што той можа нават узначаліць гэтае ведамства.

Гэты крок абурыў Літву, і Вільня заявіла Беларусі афіцыйны пратэст ў справе Ўсхопчыка. Як заявіў прадстаўнік МЗС Літвы Ігнатавічус:

(Ігнатавічус: ) “Плёткі наконт прызначэньня Ўсхопчыка пашырыліся месяц таму, і мы ўжо тады камэнтавалі гэта як вельмі непрыязны жэст. Аднак гэта нічога не дало, і прызначэньне адбылося. Так што, мы паўтараем, што гэта можа пашкодзіць нашам адносінам”,

- сказаў Ігнатавічус.

Балтыйскія дзяржавы асабліва энэргічна спрабуюць прыцягнуць былых камуністычных дзеячоў да адказнасьці за забойствы, рэпрэсіі й дэпартацыі. Паводле літоўскага МЗС, многія зь іх уцяклі ў Расею альбо Беларусь і там уладкаваліся на кіраўнічых пасадах. Балтыйскія дзяржавы асьцярожна выступаюць з заявамі аб іхнай экстрадыцыі, баючыся папсаваць адносіны з Масквою.

У выніку, перад судом былі пастаўленыя толькі адзінкі. Некалькі гадоў таму Літва дамаглася ад Беларусі выдачы двух камуністычных апаратчыкаў Буракявічуса і Ермалавічуса, якіх абвінаваціла у спробе дзяржаўнага перавароту у тым жа 91-м годзе. Латвіі удалося прыцягнуць да суду некалькі чалавек, абвінавачаных у масавых дэпартацыях Латышоў у сталінскія часы і аднаго прысудзіць да 8-мі гадоў турмы. Некаторых камуністычных дзеячоў паставілі перад судом таксама ў Эстоніі.

Незважаючы на невялікую колькасьць асуджаных, амаль ва ўсіх былых савецкіх рэспубліках ёсьць арганізацыі і партыі, якія лічаць камуністычных апаратчыкаў крымінальнікамі. Яны настойліва прапагандуюць ідэю, што толькі шляхам асуджэньня камуністычных злачынцаў грамадзтва можа ачысьціцца ад спадчыны камунізму.

12-15 ліпеня ў Вільні адбудзецца міжнародная канфэрэнцыя пад назовам “Ацэнка злачынстваў камунізму” з удзелам дэлегатаў з усіх былых камуністычных краінаў. Арганізатары заяўляюць, што адной з тэмаў канфэрэнцыі будзе супастаўленьне нацыскіх і камуністычных злачынстваў, і яны спадзяюцца, што з часам у юрыдычным сэнсе стаўленьне да адных і другіх будзе аднолькавае. Паводле словаў аднае з арганізатараў Інгрыды Вікюлітэ, паводле ўзору Міжнароднага суду для расьсьледаваньня ваенных злачынстваў ў былой Югаславіі, дэлегаты абмяркуюць пытаньне ўсталяваньня Трыбуналу для пакараньня камуністычных злачынстваў.

Кастусь Бандарук, Прага

XS
SM
MD
LG