Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня


Заплянаванае на сёньня плянарнае паседжаньне гэтак званага “шырокага грамадзка-палітычнага дыялёгу” не адбылося. Яно перанесенае на пачатак чэрвеня. Тым часам Кансэрватыўна-Хрысьціянская партыя БНФ заявіла пра тое, што прыпыняе дзейнасьць у спробах перамоўнага працэсу з уладамі.

Папярэдне плянавалася, што чарговае плянарнае паседжаньне “дыялёгу” адбудзецца 24 траўня. Потым пайшлі чуткі, што яго адкладуць на канец траўня і прымяркуюць да сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Сёньня стала вядома, што нарада пераносіцца аж на чэрвень.

У сакратарыяце “дыялёгу” не тлумачаць прычынаў. Але ў кулуарах сапраўдную прычыну называюць усе – Лукашэнка заняты сустрэчамі зь сябрамі Мытнага саюзу й кіраўнікамі дзяржаваў, што падпісалі дамову пра калектыўную бясьпеку. А без удзелу Лукашэнкі гэтая дзея, як кажуць, выдыхаецца і ўлады баяцца паказаць сапраўднае становішча. Гэта даказвае, хто сапраўды кіруе гэтак званым “дыялёгам”.

Што тычыцца палітычнай апазыцыі, дык яна рыхтуецца да ўзнаўленьня кансультацыяў паміж экспэртамі ад апазыцыі і ўраду. Сёньня КНГ АБСЭ даслала абодвум бакам свой праект рэглямэнту кансультацыяў, які прапануецца абмеркаваць на бліжэйшай сустрэчы ў пятніцу.

Між тым, перад Кансультацыйнай радаю апазыцыйных палітычных партыяў даволі нечакана ўзьніклі, так бы мовіць, два кадравыя пытаньні. Па-першае, Кансэрватыўна-Хрысьцiянская партыя БНФ, якую ўзначальвае Зянон Пазьняк, заявiла пра свой выхад з перамоўнага працэсу. Гэтае рашэньне было прынята кiраўнiцтвам партыi 23 траўня. Як адзначаецца ў заяве партыi, нягледзячы на тое, што працэс падрыхтоўкi гэтых перамоў цягнецца ўжо амаль год, справа гэтак i ня зрушылася зь месца. За гэты час у краiне толькi «ўзмацнiлiся манаполiя i кантроль рэжыму над СМI, дэманстратыўна парушаюцца правы чалавека, працягваюцца антыбеларуская палiтыка этнацыду й закрыцьцё беларускiх школ, павялiчылася пагроза для незалежнасьцi Беларусi».

Падтрымлiваючы iдэю перамоваў, кiраўнiцтва партыi лiчыць немагчымым свой далейшы ўдзел у спробах перамоўнага працэсу, паколькi гэта будзе садзейнiчаць легiтымiзацыi цяперашняе ўлады.

Па-другое, з улікам таго, што КНГ АБСЭ прапануе экспэртам ад ураду і апазыцыі разглядаць праблемы паляпшэньня Выбарчага кодэксу й пашырэньня функцыяў і паўнамоцтваў парлямэнту як самастойныя і паасобку, перад апазыцыяй паўстае праблема стварэньня дзьвюх экспэртавых групаў. Дагэтуль абодвума пытаньнямі займалася адная група экспэртаў пад кіраўніцтвам Міхала Пліскі.

Абедзьве гэтыя праблемы будуць разгледжаныя на заплянаваным на 26 траўня паседжаньні Кансультацыйнае рады апазыцыйных палітычных партыяў.

Уладзімер Глод, Менск

XS
SM
MD
LG