Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Галоўны рэдактар газэты “Наша Ніва” Сяргей Дубавец атрымаў у Пракуратуры Беларусі афіцыйнае папярэджаньне за публікацыю артыкула старшыні Вярхоўнага Савету Сямёна Шарэцкага “Зараза фашызму”.

У афіцыйным папярэджаньні, падпісаным намесьнікам генэральнага пракурора спадаром Сьнегіром, галоўны рэдактар газэты Сяргей Дубавец абвінавачваецца ў тым, што дазволіў надрукаваць у пятым нумары “Нашай Нівы” артыкул старшыні Вярхоўнага Савету Сямёна Шарэцкага “Зараза фашызму”.

На думку пракуратуры, у гэтым артыкуле зробленыя наўмысна ілжывыя высновы пра сувязь паміж кіраўніцтвам Рэспублікі Беларусь, якое называецца “акупацыйным урадам”, і адраджэньнем у Беларусі фашысцкай ідэалёгіі. Таксама пракуратура палічыла, што некаторыя крытычныя выразы на адрэсу прадстаўнікоў Расеі ёсьць распальваньнем нацыянальнае варожасьці.

Спадар Сьнегір паведаміў Сяргею Дубаўцу пра тое, што ён, як галоўны рэдактар газэты, парушыў патрабаваньне артыкулу 5 Закону “Аб друку”, які забараняе выкарыстоўваць сродкі масавай інфармацыі для распальваньня нацыянальнае нецярпімасьці, а таксама распаўсюджваньня зьвестак, якія зьневажаюць гонар і годнасьць прэзыдэнта й кіраўнікоў дзяржаўных ворганаў. Гэта й стала падставаю для афіцыйнага папярэджаньня.

Такім чынам, газэта “Наша Ніва” мае ўжо два папярэджаньні. Першае было вынесенае ў сакавіку за друкаваньне адкрытага ліста Тамары Судзілоўскай.

Гэтае пытаньне сёньня абмяркоўвалася на паседжаньні ўправы Беларускай асацыяцыі журналістаў. Гаворыць старшыня БАЖ Жана Літвіна:

“Шэраг апошніх папярэджаньняў, якія атрымалі і “Белорусская деловая газета” і зараз “Наша Ніва”, ілюструюць жаданьні ўладаў паставіць на калені незалежны друк. Самае сумнае ў гэтых гісторыях тое, што адбываюцца гэтыя вынясеньні папярэджаньняў пасьля таго, як улады абвесьцілі шырокі грамадзка-палітычны дыялёг. Мне падаецца, што за гэтай гісторыяй, якая адбылася з газэтай “Наша Ніва” яшчэ больш глыбокая праблема. У той час, калі нашая палітычная апазыцыйная эліта займаецца праблемай доступу лідараў апазыцыі да дзяржаўнага тэлебачаньня і радыё, побач адбываецца вось такая ганебная справа. І пакуль нашыя палітыкі, тыя самыя назіральнікі ня будуць займацца праблемай доступу, мы можам страціць апошнія вольныя газэты.”

На пытаньне “Радыё Свабода” – у якім кірунку будзе дзейнічаць рэдакцыя, каб захаваць газэту? – адказаў Сяргей Дубавец:

“Паводле закону мы зьвернемся да генэральнага пракурора Беларусі спадара Бажэлкі. Хутчэй за ўсё, паколькі гэта не разьбіральніцтва і будзе вырашаць адзін спадар Бажэлка, зразумела, ён будзе выконваць волю ўлады і ён гэтае папярэджаньне ня здыме. Пасьля мы будзем чакаць чарговых папярэджаньняў. Мы цудоўна разумеем, што мы іх так шмат атрымліваем апошнім часам не таму, што мы сталі раптам так шмат парушаць закон, як і іншыя незалежныя газэты, а мы разумеем, што гэта дзяржаўная палітыка, ськіраваная на тое, каб дэмаралізаваць калектывы незалежных газэтаў, у тым ліку і нашай. Але нас дэмаралізаваць ня так проста,” – паведаміў галоўны рэдакатар газэты “Наша Ніва” Сяргей Дубавец.

Пракуратура папярэдзіла Сяргея Дубаўца, што ў выпадку паўторнага парушэньня будзе пастаўлена пытаньне пра ліквідацыю газэты.

Любоў Лунёва, Менск

XS
SM
MD
LG