Афіцыйныя крыніцы сьцьвярджаюць, што ў Магілеўскай вобласьці наладжаная
сыстэма радыяцыйнага кантролю прадуктаў харчаваньня. У Абласным цэнтры
санітарыі і эпідыміялёгіі, як і ў кожным сельскім раёне, існуюць адмысловыя
рыдыелягічныя аддзелы…
Дадзеныя праверкі прадуктаў харчаваньня збіраюцца ў абласным цэнтры,
апрацоўваюцца на кампутарах, і па выніках выдаецца спэцыяльны бюлетэнь,
але ён выходзіць у сьвет толькі раз на год, і адразу зрэагаваць на нейкія
сезонныя падвышэньні ўтраманьня радыенуклідаў няма магчымасьці. Апошні
бюлетэнь, напрыклад, быў выдадзены ў студзені, акрамя гэтага сярод насельніцтва
ён не распаўсюджваецца.
У цэнтры гігіены няма сілаў і магчымасьцяў рабіць сваё выданьне для
шырокага кола людзей. На большасьці прадпрыемстваў харчовай прамысловасьці
працуюць радыемэтрычныя пасты, якія ажыццяўляюць штодзённы кантроль за
прадукцыяй. Ня толькі ў радыяцыйна заражаных раёнах Магілёўшчыны, але і
ва ўмоўна чыстых.
Радыелягічныя лябараторыі існуюць на ўсіх харчовых рынках. Усе гандляры
атрымоўваюць спэцыяльныя квіткі з адзнакай аб узроўні радыяцыі, калі яна
не перавышае нормаў. Кантрольныя ворганы часта наведваюць рынкі і правяраюць
гэтыя квіткі, і, як правіла, прыкладна ў трэцяй часткі гандляроў іх не
знаходзяць. Бабулі з грыбамі ды ягадамі маюць шкодную звычку папросту абменьвацца
квіткамі, каб ня мець клопату з лябараторыяй. Пасьведчаньні па ўтрыманьні
радыенуклідаў у харчаваньні на мінірынках – увогуле вялікая рэдкасьць,
ды й як паказвае практыка, толькі лічаныя адзінкі з пакупнікоў патрабуюць
і глядзяць такія дакумэнты, бо ў сёньняшняй сытуацыі з узроўнем жыцьця
для большасьці значэньне мае кошт, а не якасьць прадукта.
У лясах народ таксама актыўна зьбірае ўсё, што можна, не зважаючы на
радыяцыйную мапу, бо галодная зіма – гэта больш страшна, чым радыенукліды.
Хаця зараз можна прагназаваць уздым цікаўнасьці да праблемаў радыенуклідаў
у сувязі з чуткамі пра падвышэньне радыяцыйнага фону. Людзі цяпер вагаюцца,
каму верыць: афіцыйнай інфармацыі ці ўласным інстынктам.
А між тым, па статыстыцы, амаль палова дароў лесу, якія грамадзяне дабраахвотна
прыносяць ў лябараторыі, бо самі сумняюцца, як правіла заражана радыенуклідамі
вышэй нормаў. А ў радыяцыйна заражаных раёнах такіх – 70-80 адсоткаў.
Па прысядзібных ўчастках насельніцтва праводзіцца маніторынг ня толькі
цэнтрам гігіены, але й сельгасхарчам. Але ён у асноўным утрымлівае толькі
рэкамэндацыі што да ўгнаеньняў, якія трэба прымяняць для ачышчэньня расьлінаў
ад радыенуклідаў. Апошнім часам зарэгістравана тэндэнцыя да паніжэньня
ўтрыманьня цэзію.
І яшчэ адзін факт ня можа не паўплываць на тых, хтоспрабуе зараз запэўніць
улады ў стабільнасьці радыелягічнай абстаноўкі. У Магілеўскім навукова-дасьледчым
Інстытуце экалягічнай і прафэсійнай паталёгіі на спэцыяльным прыборы летась
рабілі тэсты для сваіх супрацоўнікаў на ўтрыманьне цэзію ў ягадах, грыбах,
дзічыне. Для сваіх, таму што не дазволілі зрабіць для ўсіх і за грошы.
Прыбор у пераважнай большасьці паказваў перавышэньне нормаў. А вось з гэтага
году без тлумачэньня прычынаў такія тэсты праводзіць забаранілі.
Марыя Ўсьціновіч, Магілеў
Самае папулярнае
1