Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня


Апошнія заявы Крамля наконт магчымасьці прэвэнтыўных паветраных удараў супраць афганскага руху “Талібан” выклікалі рэзкі адказ у Кабуле. У Чачні таксама адпрэчваюць цьверджаньні пра падтрымку з боку талібаў. Аб рэакцыі на словы прадстаўніка Крамля Сяргея Ястржэмбскага сёньня паведамляюць міжнародныя сродкі масавай інфармацыі...

Аслан Масхадаў у сёньняшнім інтэрвію нямецкаму радыё “Дойче веле” адкінуў сьцьверджаньні, быццам бы ў Чачню пранікаюць узброеныя фармаваньні талібаў. Ён падкрэсьліў, што Чачня ня мае патрэбы ў падобнай падтрымцы.

Са свайго боку, прадстаўнік “Талібану” Фаіз Ахмад абвінаваціў у Кабуле Расею ва ўмяшальніцтве ва ўнутраныя справы Афганістану, якое мела мейсца ў мінулым і якое адбываецца цяпер. Ён заявіў разам з тым, што у Афганістане няма ніякіх базаў падрыхтоўкі чачэнскіх байцоў, аб якіх казаў крамлёўскі прадстаўнік. Фаіз Ахмад падкрэсьліў, што талібы толькі “маральна падтрымліваюць справядлівую справу чачэнцаў”.

Сёньня Сяргей Ястржэмбскі даў зразумець, што такія захады, як бамбаваньне талібаў, былі адкінутыя Крамлём. Напярэдадні сьпікер Дзяржаўнай Думы Генадзь Селязньёў заявіў, што лічыць учоршанюю заяву Ястржэмбскага ягоным асабістым меркаваньнем. Аднак, расейкі генэрал Віктар Казанцаў, які кіруе войскамі ў Чачні, падтрымаў гэтую ідэю. Чаму б і не? – сказаў ён у інтэрвію ИТАР-ТАСС.

Агентцва Reuters згадвае візыт прэзыдэнта Пуціна ва Ўзьбэкістан на мінулым тыдні, дзе ён абяцаў прэзыдэнту Карымаву дапамогу ў барацьбе, як ён выказаўся, зь “ісламскімі экстрэмістамі.” Чачэнскі сайт у Інтэрнэце “Каўказ. Орг” сьцьвярджае, што крамлёўскі рэжым, такім чынам, пачаў рыхтавацца да “антыісламскай тэрарыстычнай вайны”.

Маскоўская газэта “Сегодня” назвала дзеяньні Масквы “афганскім сындромам”. Агентцва Reuters у сувязі з гэтым прыводзіць камэнтар аналітыка маскоўскага Цэнтру Карнэгі Аляксея Малашэнкі, які параўнаў заяву крамлёўскага прадстаўніка з “мыльным пухіром”. Разам з тым, паводле ягоных словаў, гэта магло быць свайго роду тэстам з мэтай праверыць рэакцыю – ці расейскага грамадзтва, ці міжнароднай супольнасьці, ці “Талібану”. Малашэнка сказаў у інтэрвію Reuters, што Масква з дапамогай падобных заяваў можа дамагацца адразу некалькіх мэтаў – падтрымаць адпаведную рэпутацыю Пуціна, яшчэ больш падагрэць шавіністычны настрой у расейскім грамадзтве, узмацніць уплыў Расеі ў Сярэдняй Азіі ды адначасна паўстаць у ролі змагароў з тэрарызмам. Аднак, кіруючыся падобнымі матывамі, Масква можа ўлезьці ў багну новай вайны, – сказаў расейскі аналітык.

Тым часам міністар абароны Расеі маршал Сяргееў заявіў сёньня, што расейкія сілы цягам баявой апэрацыі забілі палявога камандзёра Абу Маўсаева і шасьцёх чачэнскіх байцоў. Ранейшыя паведамленьні аб сьмерці Шаміля Басаева Сяргей Ястржэмбскі, як вядома, абвергнуў на ўчорашняй прэсавай канфэрэнцыі.

Віталь Тарас

XS
SM
MD
LG