Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Учора ў Барысаве сябры філіі БСДП “Народная Грамада” правялі несанкцынаваную акцыю пратэсту супраць прысуду, вынесенага Міхалу Чыгіру. Барысаўскія міліцыянты арыштавалі пікетоўцаў і затрымалі назіральніка ад Беларускага Гэльсынскага камітэта ды журналістаў зь недзяржаўных СМІ.

Учорашні не дазволены ўладамі пікет сябры барысаўскіх філіяў БСДП “Народная Грамада” й “Маладой Грамады” праводзілі пад лёзунгамі ў падтрымку Міхала Чыгіра. Над групаю пікетоўцаў лунаў бел-чырвона-белы сьцяг. Арганізатар і ўдзельнік гэтай акцыі, кіраўнік партарганізацыі “Народнае Грамады” Аляксандар Абрамовіч гэтак патлумачыў журналістам мэту пікету:

“Як мы ведаем, некалькі дзён таму адбыўся ганебны прысуд Міхалу Чыгіру… Усім зразумела, гэта выключна палітычны акт, выключна палітычны перасьлед”.

Аляксандар Абрамовіч сказаў, што гэты вырак пазбавіў вельмі моцнага патэнцыйнага суперніка Лукашэнкі магчымасьці ўдзельнічыць у прэзыдэнцкіх выбарах.

Хвілінаў праз трыццаць пасьля пачатку пікету сюды на “варанках” пад’ехалі міліцыянты з гарадзкога аддзелу нутраных справаў. Яны запіхнулі пікетоўцаў у мікрааўтобус. Пасьля таго нечакана падыйшлі да назіральніка БГК Канстанціна Кузьняцова, галоўнага рэдактара газэты “Згода” Аляксандра Зьдзьвіжкова й да мяне. Сяржант міліцыі, які не назваў свайго імя, сказаў, што нас усіх таксама даставяць у пастарунак: “У меня есть приказ вас задержать”.

У пастарунку дзяжурны афіцэр аддзяліў апазыцыянэраў ад журналістаў. Першым ён сказаў, што іх сёньня ж асудзіць дзяжурны судзьдзя. Нам жа паведаміў, што кіраўніцтва ГАУС мае на журналістаў вялікую крыўду з нагоды нібыта тэндыцыйнага асьвятленьня пікету, што адбыўся ў Барысаве 14 траўня. Ды – паказу ў нэгатыўным сьвятле дзеяньняў міліцыі, якая праявіла абыякавасьць да спальваньня партрэта Лукашэнкі. Цяпер вось начальства зь Менску не дае ім спакойнага жыцьця, пачаліся праверкі.

Пасьля прафіляктычнае гутаркі нас адпусьцілі на волю без складаньня пратаколаў. У другой палове дню там жа, у пастарунку, судзьдзя Аляксей Болатаў правёў працэс над удзельнікамі акцыі. Ягоны вырак быў такі: Аляксандар Абрамовіч атрымаў 15 сутак адміністрацыйнага арышту з утрыманьнем у міліцэйскім ізалятары, Антон Цялежнікаў – 10 сутак. Алесі Ясюк судзьдзя Болатаў прысудзіў штраф памерам 390 тысячаў рублёў, што паводле валютнага курсу складае каля 400 даляраў. Зь няпоўнагадовымі Аленай і Марынай Ясюк міліцыянты правялі гэтак званую “выхаваўчую гутарку”.

Алесь Мікалайчанка, Барысаў

XS
SM
MD
LG