Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Прызначэньне камандуючага пятым армейскім корпусам генэрал–лейтэнанта Ўладзімера Ўсхопчыка намесьнікам міністра абароны Беларусі выклікала нэгатыўную рэакцыю ў суседняй Летуве, дзе міністэрства замежных справаў нават выступіла са спэцыяльнай заяваю. Між тым, сёньня ў міністэрстве абароны Беларусі пра гэты дэмарш нават не былі праінфармаваныя. Генэрал-лейтэнант беларускага войскa, супраць якога ўзбуджаная крымінальная справа ў суседняй Летуве, днямі пачне выконваць новыя абавязкі.

“Прызначэньне не адпавядае духу дабрасуседзтва й можа мець нэгатыўныя наступствы для двухбаковых адносінаў”, – гэткая рэакцыя летувінскага Міністэрства замежных справаў на прызначэньне беларусам Аляксандрам Лукашэнкам беларуса Ўладзімера Ўсхопчыка намесьнікам міністра абароны Беларусі грунтуецца на наступных фактах.

Нядаўні камандуючы 5-м армейскія корпусам, генэрал-лейтэнант Ўладзімер Ўсхопчык у 1991 годзе камандаваў дывізіяй савецкіх войскаў, сіламі якое Масква спрабавала спыніць рух летувінаў да незалежнасьці. Гэта танкі Ўсхопчыка ў студзені 91-га ўціскалі ў асфальт абаронцаў летувінскага парлямэнту, гэта ягоныя салдаты штурмавалі будынак летувінскае тэлевізіі.

У тых падзеях загінула шэсьць чалавек і дзясяткі былі параненыя, але Ўладзімер Усхопчык, які праходзіць па крымінальнай справе паводле фактаў гібелі мірных людзей, зьехаў у Беларусь і знайшоў тут ня толькі прытулак, але й занятак. Ён атрымаў пасаду камандуючага армейскім корпусам у Бабруйску, атрымаў новую зорку на пагоны, а цяпер вось падасьпела й высокае прызначэньне на пасаду намесьніка міністра.

Паводле інфармацыі з прэсавае службы міністэрства абароны, Усхопчык зойме месца былога намесьніка Алега Яцкевіча, адпраўленага у адстаўку напачатку году. Такім чынам, былы камандзір віленскае дывізіі будзе займацца пытаньнямі баягатоўнасьці беларускага войску і мае з цягам часу шансы стаць міністрам абароны.

Тое, што Ўладзімер Усхопчык фігуруе ў крымінальнай справе па віленскіх падзеях – відаць, ня вельмі турбуе міністэрства абароны. Афіцэр прэсавае сужбы на маю просьбу пракамэнтаваць заяву летувінскага МЗС наконт прызначэньня Ўсхопчыка адказаў: “Яны не ўпаўнаважаныя прызначаць, тут у нас свая епархія, тут прэзыдэнт вырашае, каго куды паставіць. А пра заяву летувінскага МЗС мы нічога пакуль ня ведаем”, – пашчыраваў афіцэр. Пасьля гэтага ён адмовіўся дапамагчы зьвязацца з самім Усхопчыкам, каб той пракамэнтаваў прэтэнзіі да яго з боку летувінскай пракуратуры. “Я ведаю дакладна, што ён нічога камэнтаваць ня будзе, ва ўсякім разе, пакуль ня здасьць справы камандуючага корпусам і ня зьявіцца ў Менску. Гэта павінна адбыцца на бягучым тыдні”, – паведамілі мне ў прэсавай службе міністэрства абароны.

На гэты момант няма рэакцыі і беларускага МЗС на ноту МЗС Летувы. Нашыя дыпляматы адказваюць, што яшчэ ня маюць тэкста ноты. Між тым, згодна зь інфармацыяй ад летувінаў, беларускі амбасадар у Летуве Ўладзімер Гаркун атрымаў гэты дакумэнт на рукі яшчэ ўраніцу.

Нагадаю, Уладзімер Усхопчык не адзіны з грамадзянаў Беларусі, які лічыцца падазроным па крымінальнай справе паводле падзеяў у Вільне ў студзені 1991 году. У Віцебску на дзяржаўнай пасадзе працуе былы сакратар ЦК кампартыі Летувы Швед; бізнэсам у Беларусі займаецца былы камандзір віленскага АМАП’у Макутыновіч. У Беларусі жывуць Катляроў, Юненя ды іншыя, каго летувіны падазраюць у арганізацыі ўзброеных сутычак.

Прытулак такім асобам лічыўся б ганьбаю для любой цывілізаванае краінай. А ў Беларусі гэтыя людзі атрымліваюць узнагароды й нават пасады намесьнікаў міністра.

Алег Грузьдзіловіч, Менск

XS
SM
MD
LG