Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


На мінулым тыдні міністры замежных справаў 9-ці краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы падпісалі ў Вільні сумесную заяву, якой заклікалі прыняць ўсе дзевяць краінаў у НАТА ў 2002 годзе. Гэтая ініцыятыва можа істотна паўплываць на палітычную сытуацыю на кантынэнце і ў сьвеце. Нездарма віленская “заява дьзевяці” прыцягнула да сябе велізарную ўвагу міжнароднага друку. The Wall Street Journal надрукавала сёньня артыкул “Усходнеэўрапейцы ломяцца ў дьзверы НАТА”.

Свой рэпартаж зь Вільні карэспандэнт Фрэдэрык Кэмп пачынае з іранічнае мэтафары: “9 краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы аб’ядналіся тут ў мінулую пятніцу як стомленыя пацыэнты ў прыёмнай доктара, які не сьпяшаецца выклікаць іх. Яны бачаць, што Вашынгтон страціў тэмп пасьля гістарычнага ўступленьня ў НАТА іх суседзяў: Польшчы, Чэхіі і Вугоршчыны. Яны разумеюць, што некаторыя ў Эўразьвязе хочуць спыніць пашырэньне альянсу. Пляны прыняцьця новых сябраў НАТА, якія прапануе Эўразьвяз, занадта складаныя і запозьненыя”.

Далей аўтар The Wall Street Journal тлумачыць матывы ініцыятараў віленскае заявы: “Зразумеўшы сутнасьць дэмакратыі, 9 краінаў Усходняй Эўропы вырашылі, што прыйшоў час сказаць сваё слова. Вынікам стаў драматычны дакумэнт, падпісаны міністрамі замежных справаў краінаў, якія працягнуліся ад Балканаў да Балтыі. Віленская дэклярацыя заклікае НАТА ня толькі разгледзець новыя кандыдатуры да канца 2002 года, як тое было абяцана на Вашынгтонскім саміце альянсу сёлета, а запрасіць усю “дзевятку” далучыцца да альянсу.
Гэтым зваротам яны ігнаруюць эўрапейскія перасьцярогі. Шмат хто ў Эўропе лічыць, што зараз ня лепшы час, каб пашыраць НАТА, маўляў, ў Расеі – новаабраны прэзыдэнт, і ен хутчэй за ўсё будзе рэагаваць на падобныя ініцыятывы нэгатыўна. Але для дзевяці краінаў – Літвы, Латвіі, Эстоніі, Славаччыны, Славеніі, Румыніі, Баўгарыі, Албаніі ды Макэдоніі – Расея ня ёсьць праблема. Праблема ёсьць яны самі”.

Далей Фрыдэрык Кэмп аналізуе геапалітычныя аспэкты віленскай заявы : “Ініцыятыва дзевяці не пазбаўленая хібаў. Адна з галоўных – адсутнасьць ў іх шэрагах Украіны, якая яшчэ нават не зьвярнулася з просьбай аб прыёме яе ў склад НАТА. Гэта – велізарная краіна, колькасьць насельніцтва якой (55 мільёнаў) – амаль роўная сумарнаму насельніцтву дзевяці ўзгаданых краінаў. Украіна зьяўляецца ключом да бясьпекі Ўсходняй Эўропы, гэтак жа, як Польшча была ключом да бясьпекі Цэнтральнай Эўропы”.

На думку аўтара артыкула ў The Wall Street Journal, галоўнае ў Віленскай ініцыятыве – нават ня зьмест прынятага дакумэнта, а кантэкст, настрой яе ўдзельнікаў.

“Найбольш важным ў віленскай канфэрэнцыі, заключная цырымонія якой транслявалася па тэлэбачаньні, быў новы дух салідарнасьці. Краіны, якія раней супернічалі за ўвагу Захаду, зараз дзейнічалі, як дзевяць мушкецёраў – а дзін за ўсіх-ўсе за аднаго. Незалежна ад таго, ці будзе праз два гады дасягнутая дэкляраваная мэта, заява віленскай дзевяткі ўжо мае пэўны плён: праблема пастаўленая ў парадак дня, сфармаваная моцная лябісцкая група дзеля ўзьдзеяньня па расьсеянай Эўропы і на будучага прэзыдэнта ЗША. Дарэчы, абачлівыя арганізатары канфэрэнцыі маюць сваіх прадстаўнікоў ў камандах абодвух кандыдатаў ў прэзыдэнты ЗША. І Джордж Буш, і Ал Гор даслалі на адрас канфэрэнцыі прывітальныя лісты. На віленскую заяву будзе вымушаная даць адказ Паўночна-Атлянтычная Рада, кіруючы ворган НАТА, якая зьбярэцца на сваё паседжаньне ўва Флярэнцыі на гэтым тыдні”.

Далей аўтар артыкулу “Уходнеэўрапейцы ломяцца ў дзьверы НАТА” прыводзіць словы адной з ўдзельніцаў віленскай канфэрэнцыі: “Часам трэба рабіць нешта правакацыйнае, каб на цябе зьвярнулі ўвагу, – з ўсьмешкай адзначыла баўгарскі міністар замежных справаў Надзея Міхайлава і дадала. – Мы павінны разумець, чаго мы хочам. Калі кожны з нас будзе працаваць паасобку, мы не атрымаем нічога”. Яна параўнала Віленскую сустрэчу з Вышаградзкай ініцыятывай, якая стала агульнай плятформай для Польшчы, Чэхіі і Вушгоршчыны, і якая, нарэшце, забясьпечыла іх сумесны прыём у НАТА. Сп-ня Міхайлава лічыць, што Вышаградзкая ініцыятыва стала найлепшым сродкам супрацьстаяць расейскаму ціску і прымусіць Вашынгтон дзейнічаць. “Мы ведаем урокі гісторыі, мы павінны быць не рабамі, а гаспадарамі свайго лёсу”, – заявіла міністар замежных справаў Баўгарыі Надзея Міхайлава”.

На думку Фрыдэрыка Кэмпа, аўтара артыкулу ў The Wall Street Journal, гэтыя словы баўгарскага міністра найбольш дакладна перадаюць памкненьні ўдзельнікаў сустрэчы ў Вільні.

Юры Дракахруст

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG