Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Учора некалькі сотняў чалавек, прыхільнікаў сэрбскай апазыцыі, ізноў пратэставалі ў Белградзе супраць закрыцьця ўладамі галоўнай незалежнай тэлекампаніі “Студыя Б”. У сераду белградзкая паліцыя ўжыла сілу для разгону 30-ці тысячаў дэманстрантаў. Гэта ўжо пяты запар дзень бурных пратэстаў супраць чарговага наступу на незалежныя СМІ.

У параўнаньні з серадою колькасьць удзельнікаў дэманстрацыяў выразна зьменшылася. Паводле газэты Financial Times, для многіх белградцаў закрыцьцё “Студыі Б” і дзвюх незалежных радыёстанцыяў” годнае шкадаваньня, але нявартае таго, каб рызыкаваць сваёй бясьпекай. Газэта цытуе адну з удзельніцаў дэманстрацыі, якая лічыць, што вулічныя пратэсты дарэмныя і наўрад ці нешта зьменяць: “Большасьць з маіх суседзяў поўныя горычы, але за апошнія гады яны такое перажываюць ня першы і, мабыць, не апошні раз” – сказала яна.

На думку іншага ўдзельніка пратэстаў, ён далучыўся да акцыі з чыстай цікаўнасьці і таксама перакананы, што пасьля трох дзён пратэстаў, колькасьць іхных удзельнікаў рэзка зьменшыцца. За дзесяцігодзьдзе бязупынных бяспарадкаў, масавых пратэстаў і урадавай прапаганды, многія Сэрбы разчараваныя палітыкай-падкрэсьлівае Financial Times. Многія зьняверыліся ў вулічных дэманстрацыях, у прыватнасьці, пасьля выступленьняў зімою 96-97, калі, незважаючы на іхную масавасьць, пратэсты ўсё роўна нічога не далі.

Аднак назіральнікі лічаць, што посьпех любых пратэстаў надалей залежыць ад масавасьці акцыяў. Калі б на вуліцы выйшла сапраўды вялікая колькасьць людзей, паліцыя некалькі разоў падумала б перш чым ужыць сілу і пускаць ў ход дубінкі. Акрамя таго, паводле Financial Times, апытаньні грамадзкай думкі паказваюць пастаянны спад падтрымкі прэзыдэнта Мілошавіча ў грамадзтве. Зараз, больш за 50 адсоткаў насельніцтва няўпэўненыя, ці ў наступных выбарах яны галасавалі б за цяперашянага прэзыдэнта. Толькі 20 адсоткаў насельніцтва, пераважна пэнсіянэры старэйшыя за 65-ць гадоў, надалей падтрымоўваюць Мілошавіча.

Паводле Financial Times, менавіта няўмольны спад папулярнасьці прэзыдэнта схіліў улады да закрыцьця незалежных СМІ. На думку Срд’яна Богосавлевіча з кампаніі рынкавых дасьледаваньняў, закрыцьцё незалежных СМІ немалаважнае, паколькі многія людзі ня маюць доступу ні да сатэлітнага тэлебачаньня, ні да Інтэрнэту, многія ніколі не былі за мяжою і надалей падатлівыя на афіцыйную прапаганду, якая ўбівае людзям ў галовы міт пра нейкую міжнародную змову супраць Сэрбіі. З другога боку, пратэсты ня маюць яснай і празрыстай ідэі, зь якой людзі сябе атаясамлівалі б. На ягоную думку, зараз людзі разумеюць, што справы ідуць ў дрэнным напрамку, але ня ведаюць як змагацца за лепшае жыцьцё і свабоду слова.

Спрабуючы надаць апошнім пратэстам міжнародны розгалас і заручыцца падтрымкай з боку расейскага ўраду, на днях у Маскву накіроўваюцца лідэр апазыцыйнага Сэрбскага Руху за Аднаўленьне Вук Драшкавіч і яшчэ два апазыцыйныя лідэры .

Між тым, паводле газэты New York Times, сярод сэрбскай апазыцыі зьявілася новая сіла, студэнцкі рух пад назвай “Адпор”. Ён ужо налічвае 25-ць тысячаў сябраў і ягоныя шэрагі ўвесь час павялічваюцца. Бяз строгіх арганізацыйных рамак і кіраўніцтва рух менш падатлівы на арышты і паступова вырастае на сур’ёзную рэвалюцыйную сілу. За апошнія месяцы “Адпор” актывізаваў сваю дзейнасьць і апазыцыйныя лідэры з надзеяй глядзяць ў бок новага руху. Студэнцкі рух выступае пад лёзунгамі “Кусаць рэжым”. За апошнія тры месяцы актывісты руху расклеілі па ўсёй краіне 400 тысячаў плякатаў і раскінулі каля двух мільёнаў улётак. Яны прапануюць праграму грамадзкага непадпарадкаваньня паводле ўзору акцыі Магатмы Гандзі супраць брытанскага панаваньня ў Індыі. Студэнты ў даволі камфортнай сытуацыі. У іх чыстая біяграфія, ды іхныя лёзунгі гучаць пераканаўча і шчыра.

“Апазыцыйныя лідэры больш рупяцца пра сябе, чым пра краіну. Яны самі ня бачаць выйсьця, і народ ня верыць ім. У адрозьненьне ад іх, мы не змагаемся за ўладу і грошы, але проста за зьмены. Ідэя супраціўленьня магутная”, – адзначыў адзін з сябраў руху, 23-гадовы Мілан Самардзіч.

Баючыся росту ўплыву імпэтнай і нескампраміснай арганізацыі пад лёзунгамі барацьбы з “фашастоўскімі хуліганамі і тэрарыстамі”, ўлады ўжылі супраць яе буйнамаштабны наступ. Толькі на мінулым тыдні былі затрыманыя і зьбітыя каля двухсот сябраў руху.
Незважаючы на факт, што ізноў відавочныя сымптомы апатыі і слабасьці сэрбскай апазыцыі, апошнія жорсткія дзеяньні сэрбскай паліцыі і пераняцьцё кантролю над незалежнымі СМІ ўсё-такі узрушаць грамадзтва.

Паводле прафэсара псыхалёгіі і дзеяча Дэмакратычнага Грамадзкага Саюзу Зарко Корача, з гэтым крыху так, як са зьнявагамі ў сужэнстве. Яны доўга не выліваюцца навонкі, але нарастаюць. У кожным разе, – лічыць Корач, – людзі вельмі раззалаваныя.

Кастусь Бандарук

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG