Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У Магілеўскай вобласьці апошнімі днямі рэзка ўскладнілася сытуацыя з пажарамі. Асноўныя прычыны – сухое надвор’е і неасьцярожнасьць людзей. Паводле дадзеных абласное ўправы міністэрства надзвычайных сытуацыяў, толькі ўчора ў вобласьці было зарэгістравана 15 пажараў на тарфяніках і 6 лясных.

Спэцыялісты ўпраўленьня скардзяцца, што людзі, у тым ліку і кіраўнікі, паводзяць сябе несьвядома. Пажар на малой тэрыторыі нікога, як правіла, не хвалюе і толькі як плошча, якая гарыць, перакрочвае мяжу ў 2 – 3 гектары, а яшчэ хутчэй у 5 – 10, пачынаюць выклікаць пажарных. А ў такіх выпадках для тушэньня пажару патрабуецца шмат сіл і сродкаў.

Акрамя гэтага вельмі няшмат увагі надае праблемам пажару мясцовая вертыкаль. Кіраўнікі і раёнаў і сельскіх гаспадарак мяркуюць, што ў іх і так зашмат справаў, а пажарамі павінны займацца падразьдзяленьні міністэрства надзвычайных сітуацыяў, а ў іх людзей не хапае.

У такіх надзвычайных умовах у абласным упраўленьні вырашылі амаль увесь кадравы і афіцэрскі і радавы склад часткова вызваліць ад прамых абавязкаў, каб арганізаваць патруляваньне на тарфяніках.

Самая вялікая праблема сёньня ў пажарных з месцамі адпачынку дзяцей, пераважная большасьць якіх знаходзіцца ў лесе. Учора ў прыгарадзе Магілеву зь вялікімі цяжкасьцямі ўдалося загасіць пажар у 20 мэтрах ад дзіцячага лягеру, дзе амаль усе пабудовы драўляныя. І выявілася, што ў лягеры ня выкананае амаль ніводнае правіла супрадзьпажарнай бясьпекі. Уся падрыхтоўка месцаў летняга адпачынку дзяцей цяпер, на жаль, зводзіцца толькі да лёгкага рамонту і фарбаваньня. На ахову ад пажару сродкаў не застаецца.

Пажарныя зараз абяцаюць, што нягледзячы на пратэсты ніводны дзіцячы лягер у вобласьці не атрымае дазвол на працу без належнай падрыхтоўкі.

Самая складаная абстаноўка з пажарамі сёньня ў Асіповіцкім раёне, дзе тарфянікі гараць з 20 красавіка, Глускім раёне – там тушаць паўмесяцы, у Магілеўскім раёне. Да гэтага сьпісу дадаўся радыяцыйна забруджаны Чэрыкаўскі раён, дзе і сёньня ля вёскі Беліца гарыць 3 гектары тарфяніку. У таксама радыяцыйным Касьцюковіцкім раёне было патушана балота Печанеж, дзе радыяцыйны фон больш за 40 кюры на квадратны мэтар. Гэта выселеная зона. Затое пажарныя там працавалі абсалютна без усялякіх спэцыяльных сродкаў аховы – толькі як на звычайным пажары. На іншае з-за беднасьці разьлічваць не выпадае. І калі ўлічыць, што пажары нашмат павялічваюць узровень радыяцыі, то якую ж дозу апраменьваньня атрымалі гэтыя людзі? І як далей будуць дасьледаваць вёску Беліца, дзе таксама падвышаны ўзровень радыяцыі, жывуць людзі і сёньня гарыць тарфянік? На гэтае пытаньне пакуль ніхто ня ведае адказу.

Марыя Ўсьціновіч, Магілеўская вобласьць

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG