Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Да трох гадоў зьняволеньня з адтэрміноўкаю на два гады прыгаварыў сёньня Менскі гарадзкі суд экс-прэм’ера Міхала Чыгіра. Абвінавачваньне яму вынесенае толькі ў адным з шасьці эпізодаў, у астатніх ён апраўданы. Чыгір не задаволены гэтым рашэньнем і зьбіраецца абскардзіць яго ў Вярхоўным судзе, паколькі лічыць сябе цалкам невінаватым.

Перад судовым паседжаньнем на ганку суду адбыліся сутычкі паміж грамадзянамі й супрацоўнікамі АМАП’у, якія не дапускалі люзей у будынак. Ёсьць пацярпелыя, у тым ліку атрымалі цялесныя пашкоджаньні жонка Міхала Чыгіра адвакатка Юлія Чыгір і ягоная сястра пэнсіянэрка Валянціна Малюковіч.

Палкоўнік з гарадзкой управы міліцыі Леанід Русак нават аддаваў загад затрымаць сына Чыгіра, але прысутныя аказалі супраціўленьне. Пасьля гэтага кардон міліцыі быў аслаблены, і ў залю здолелі прайсьці некаторыя журналісты й сваякі падсуднага.

Тады судзьдзя Аляксандар Васілевіч пачаў зачытваць прысуд, што адбывалася вось на якім гукавым фоне:

(Свабоду Чыгіру, свабоду Чыгіру, свабоду Чыгіру…)

Гэта некалькі дзясяткаў чалавек, якіх так і не прапусьцілі АМАП’аўцы, арганізавалі пад вокнамі судовае залі групу гукавае падтрымкі Міхала Чыгіра. Воклічы “Свабоду Чыгіру“ скончыліся толькі пасьля таго, як пікет пад вокнамі быў разагнаны, а двух удзельнікаў – Зьміцера Марчука і Яна Грыба – затрымалі й адвезьлі ў пастарунак, пасьля чаго яны былі аштрафаваныя на 5 мільёнаў рублёў кожны.

Зачытваньне прысуду цягнулася крыху больш за палову гадзіны, што можна лічыць рэкордам, маючы на ўвазе 18 тамоў справы і абвінавачваньне з шасьці вялікіх эпізодаў. Пяць зь іх судзьдзя ў сваёй прамове фактычна ўвогуле на закрануў, абвясьціўшы, што ў іх віна Чыгіра не даказаная або няма складу злачынства. Усе з гэтых эпізодаў тычацца дзейнасьці Міхала Чыгіра на пасадзе кіраўніка “Белаграпрамбанку”. Ягоную віну суд убачыў толькі ў эпізодзе, які прыпадае на 1995 год, калі Чыгір працаваў прэм’ерам.

Суд палічыў, што экс-прэм’ер перавысіў уладу, прыняўшы рашэньне даць камэрцыйнай фірме “Піаск” адтэрміноўку у выплаце мытаў, што нанесла вялікую шкоду дзяржаве. За гэта ён і пакараны трыма гадамі турмы, але суд палічыў, што перавыхаваньне былога прэм’ера магчыма без ізаляцыі, і даў яму два гады адтэрміноўкі.

Гэта азначае, што, калі напрацягу двух гадоў Чыгір ня зробіць нейкага правапарушэньня, дык у турму ён не трапіць і асуджэньне з яго будзе зьнятае. Аднак Міхал Чыгір такім рашэньнем не задаволены, ужо ў першым камэнтары ён заявіў, што абавязкова будзе яго абскарджваць і ў рэшце рэшт даб’ецца справядлівасьці.

(Чыгір: ) “…Тое, што я даваў адтэрміноўку, ведаў увесь Вярхоўны Савет, бо гэта было ў прысутнасьці й са згоды кіраўніка плянава-бюджэтнае камісіі Вярхоўнага Савету. Аднак судзьдзя Васілевіч нават ня выклікаў старшыню у суд. У выніку яны кажуць, што я ў прысутнасьці старшыні камісіі скраў паўнамоцтвы Вярхоўнага Савету – большага абсурду прыдумаць немагчыма”, – абураўся Міхал Чыгір.

Ён паведаміў журналістам, што паводле ягоных дадзеных, кіраўнік Мытнага камітэту Макарэвіч быў пастаўлены перад выбарам – або самому йсці ў турму за тое, што не спагнаў мыты зь фірмы “Піаск”, або даць хлусьлівыя паказаньні супраць Міхала Чыгіра. Мытнік выбраў апошняе.

“Гэта мана, гэта ганьба беларускай дзяржавы. Гэта не мая ганьба, гэта ганьба кіраўніцтва беларусі сёньняшняга”, – лічыць Міхал Чыгір.

Акрамя трох гадоў зьняволеньня з адтэрміноўкаю, суд пастанавіў спагнаць з Чыгіра 209 мільёнаў рублёў кампэнсацыі за нанесеныя страты, што паводле рынкавага курсу складае больш за 200 тысячаў даляраў. Такіх грошай у Чыгіра, паводле ягоных словаў, няма й ніколі не было. І увогуле ён не разумее, што перашкаджае дзяржаве спагнаць гэтыя неатрыманыя мыты з тых, хто карыстаецца ўвезенымі аўтамабілямі…

(Міхал Чыгір: ) “Гэта ж абсурднае рашэньне, бо гэтыя даляры павінен плаціць той, хто эксплюатуе тэхніку – цягачы і рэфрыжаратары. Хто? Гэта трэба спытаць у кіраўніцтва справамі прэзыдэнта. Яны па маёй інфармацыі папалі туды, і мы не адзін раз патрабавалі ад суда, каб ён устанавіў, дзе гэтая тэхніка – ня могуць знацсьці”.

Гэта быў Міхал Чыгір.

Таксама суд забараніў яму на працягу пяці гадоў займаць кіраўніцкія пасады й не зьмяніў для яго меру стрыманьня ў выглядзе падпіскі аб нявыязду. Гэтыя пакараньні Чыгір таксама лічыць незаконнымі й зьбіраецца абскардзіць у Вярхоўным судзе Беларусі.

Якой была рэакцыя на прысуд назіральнікаў? Заля ўзарвалася воклічамі “Ганьба”, а пасьля таго, як судзьдзі сыйшлі, людзі абступілі Міхала Чыгіра й выказалі яму віншаваньні з тым, што ён атрымаў перамогу, бо застаўся на волі.

Юлія Чыгір потым сказала, што на суд яны йшлі без упэўненасьці ў тым, што вернуцца дадому разам. “Усё ж з волі змагацца за апраўданьне лягчэй, чым з турмы”, – лічыць Юлія Чыгір.

Яе меркаваньне падзяляюць і замежныя амбасадары, якія прыйшлі на паседжаньне, каб аказаць падтрымку Міхалу Чыгіру. Аднак задавальненьня ў іх выказваньнях не было. Пасол ЗША ў Беларусі Дэніэл Спэкгард спэцыяльна для “Радыё Свабода”, напрыклад, заявіў:

“Я думаю, рашэньне суда пацьвярждае тое, што мы даўно ведалі, што гэта палітычна матываванае шоў і мэта гэтага шоў – перашкодзіць Чыгіру ўдзельнічаць у палітыцы, у апазыцыі да цяперашняга ураду”, – лічыць Дэніэл Спэкгард.

Амэрыканскі амбасадар усё ж выказаў спадзяваньні на тое, што Вярхоўны суд, куды будзе апэляваць Міхал Чыгір, унікне ў сапраўдны сэнс гэтае справы, якую Спэкгард назваў вельмі “сымбалічнай”.

Варта згадаць яшчэ адзін пункт судовага рашэньня. Паводле судзьдзі Васілевіча, суд вынес прыватнае вызначэньне на адрас генэральнага пракурора Беларусі за парушэньне сьледчымі пракуратуры нормаў, якія рэглямэнтуюць працэдуру расьледваньня. Гэта можна лічыць водгукам на неаднаразовыя заявы Міхала Чыгіра пра парушэньне ягоных правоў сьледчымі. Аднак юрыдычных наступстваў такое вызначэньне суду фактычна ня мае.

Алег Грузьдзіловіч, Менск

XS
SM
MD
LG