Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Наш карэспандэнт у Гомелі пацьвярджае, што пажары на абшары вобласьці працягваюцца. Казімір Яноўскі спрабаваў высьветліць, ці кантралюецца радыяцыйны ўзровень у зонах пажару.

Ужо з 12 траўня гараць вялікія плошчы і тарфянікаў і запасаў сыравіны торфазаводу “Жыткавіцкі” у аднайменным раёне. Ачаговыя пажары распаўсюджаныя тут таксама ў саўгасе “Ленінскі”, калгасах “Кастрычнік”, “3-ці Інтарнацыянал”. Дымяць тарфянікі ў Петрыкаўскім і Буда-Кашалёўскім раёнах. Не патушаны пакуль пажар у калгасе імя Тэльмана Брагінскага раёну. Паблізу вёскі Каманаў гарыць тарфяны масіў памерам 4 гектары.

Пажары, безумоўна, небясьпечныя самі па сабе, а ў забруджаных радыяцыяй раёнах яны яшчэ разам з дымам здольныя падымаць у паветра і шкодныя для чалавека радыёнукліды. У штабе грамадзянскай абароны вобласьці не пацьвярджаюць якіх-небудзь сур’ёзных падвышэньняў узроўню гама-фону. Асобныя хістаньні ў межах 6-8, максімум 10 мікра-ранген у гадзіну адзначаліся 25 красавіка ў Ветцы, 10 траўня ў Нароўлі, 15 траўня ў Брагіне.

Зьвесткі гэтыя ў штаб грамадзянскай абароны паступаюць з занальнае гідраметабсэрваторыі. Начальнік аддзелу радыелёгіі гэтай абсэрваторыі Анатоль Навакоўскі распавядае, што ў вобласьцім маецца 11 дазімэтрычных пастоў, якія кожны дзень робяць замеры ўзроўню гама-фону. Падвышэньне яго на 5-10 мікра-ранген не бярэцца пад увагу. Сыгнал трывогі даецца толькі тады, калі гама-фон падвышаецца на 20 і болей мікра-ранген у гадзіну.

Адносна замераў гама-фону ў зоне пажараў спадар Навакоўскі паведаміў наступнае:

(Навакоўскі: ) “Непасрэдна на пажарах мы не замяраем, і гэтым мы не займаемся. У нас на гэта, па-першае, няма сродкаў і нам гэта ніхто не даручаў”, - зазначыў Анатоль Навакоўскі.

Відавочна, што нагляд у зоне пажараў мусіць весьці санітарная служба. Аднак да сёньняшняга дня замеры ня ў месцах пажараў, а толькі на сваіх рэйтарных кропках санслужба ў вобласьці вяла 1 раз на тыдзень, і менавіта сёньня раённыя цэнтры гігіены і эпідэміялёгіі атрымалі распараджэньне галоўнага санітарнага лекара вобласьці Валерыя Ключановіча весьці замеры штодзённа ў сувязі з пажарамі.

Гомельскія навукоўцы, і ў першую чаргу з філіялу Інстытута радыяцыйнае мэдыцыны лічаць, што прыкметнае падвышэньне гама-фону магчыма толькі пры пажарах на моцна забруджаных тэрыторыях. Шкода для чалавека пры гэтым нібыта ня значная, бо радыяцыйны дым чалавек удыхае, як кажа загадчык лябараторыі Анатоль Мейхайдараў, ну, дзень, тыдзень, няхай месяц. Таму, паводле словаў Мейхайдарава, на працягу году апраменьваньне арганізму істотна не павялічваецца.

Падобныя заявы, аднак, не стасуюцца з дасьледаваньнямі доктара медычных навук прафэсара Юрыя Бандажэўскага, паводле якіх, любая доза радыяцыі атручвае жывыя клеткі ў арганізме чалавека.

Казімір Яноўскі, Гомельская вобласьць

XS
SM
MD
LG