Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Скандал на міжнародным артыстычным фэсьце “Менская Вясна”: гарадзкія ўлады забаранілі правядзеньне тэатральнага пэрфомансу й выніковае прэсавае канфэрэнцыі.

Сёньня праграма другога дня міжнароднага артыстычнага фэсту “Менская Вясна”, зладжанага грамадзка-культурнымі незалежнымі творчымі аб’яднаньнямі Польшчы, Нямеччыны й Беларусі, мела распачацца адмысловым тэатральным пэрфомансам у сталічным тэатры “Дзе-Я”.

Аднак напярэдадні стала вядома, што гарадзкія ўлады забаранілі творцам ладзіць гэтую мастацкую акцыю. Больш таго, яны наклалі табу й на выніковую прэсавую канфэрэнцыю, правядзеньне якое плянавалася арганізатарамі фэсту заўтра таксама ў муніцыпальным тэатры “Дзея-Я”.

Каб высьветліць прычыны ці матывы забароны, я патэлефанавала ва ўпраўленьне культуры Менгарвыканкаму. І вось што пачула ў адказ на мае пытаньні ад намесьніка начальніка аддзелу Анатоля Сабітава…

(Сабітаў: ) “Забаронены… Хто вам гэта сказаў?”

(Карэспандэнтка: ) “Гэта ўчора прагучала на прэсавай канфэрэнцыі”.

(Сабітаў: ) “Ну дык дурняў хапае ў нас у горадзе. Дык што, кожнага слухаць”.

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, а выніковая прэсавая канфэрэнцыя…?”

(Сабітаў: ) “Ня ведаю, я не займаўся гэтым мерапрыемствам. Дырэктар тэатру займаецца, хай разьбіраецца ў сябе”.

(Карэспандэнтка: ) “А пэрформанс, які сёньня там меўся быць?”

(Сабітаў: ) “У нас больш важныя мерапрыемствы, чым гэтая лякальная вясна. Унас наперадзе 24-га і акцыі 2000-годзьдзя хрысьціянства. Вы ведаеце аб гэтым”.

(Карэспандэнтка: ) “Адно аднаму не перашкаджае”.

(Сабітаў: ) “Вось мы і не “перешкаджаем”…”

(Карэспандэнтка: ) “Дык перфоманс будзе ці не?”

(Сабітаў: ) “Не зна-ю!!”

(Карэспандэнтка: ) “А хто можа ведаць?”

(Сабітаў: ) “Арганізатары”.

Гэта быў намесьнік начальніка ўпраўленьня культуры Менгарвыканкаму Анатоль Сабітаў.

Арганізатары фэсту сёньня яшчэ раз пацьвердзілі факт забароны й пэрфомансу, і заўтрашняе прэсавае канфэрэнцыі. На спробы высьветліць прычыны, арганізатарам было сказана, што пэрфоманс, маўляў, ладзіца на адкрытай пляцоўцы ля тэатру, а таму на ягонае правядзеньне патрэбны дазвол гарадзкіх уладаў як на вулічную акцыю.

Гэткім чынам, мастацкая імпрэза прыраўняная да мітынгу, шэсьця або пікету. Тлумачэньне ж адносна забароны прэсавае канфэрэнцыі ў памяшканьні тэатру “Дзе-Я” – нібыта нямэтавае выкарыстаньне тэатральнае залі. Усе гэтыя тлумачэньні перададзеныя праз дырэктара тэатру “Дзе-Я”.

Тым ня менш і пэрфоманс, і прэсавую канфэрэнцыю арганізатары фэсту маюць намер правесьці, не афішуючы, аднак, дзе і як.

Валянціна Аксак, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG